Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў саджаць у турму без суду і сьледзтва за «палачную» сыстэму


Аляксандар Лукашэнка

За 10 апошніх гадоў колькасьць адміністрацыйных правапарушэньняў у Беларусі амаль падвоілася, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас нарады аб мерах адміністрацыйнай адказнасьці.

«Нам трэба разабрацца, што стаіць за гэтымі лічбамі, і, натуральна, прыняць меры», — цытуе Лукашэнку БелТА.

За 5 гадоў 16 мільёнаў парушэньняў

Толькі за няпоўныя 5 гадоў зарэгістравана 16 мільёнаў парушэньняў, да адказнасьці прыцягнулі каля 3,5 мільёна чалавек — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва. Пры гэтым звыш 80% гэтых парушэньняў складаюць парушэньні ў сфэры дарожнага руху, сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што «так званыя «лісты шчасьця» ад Дзяржааўтаінспэкцыі, верагодна, хоць аднойчы атрымліваў кожны кіроўца, але дадаў, што «трэба старанна разабрацца ў сытуацыі і сфармаваць аптымальныя ўмовы», бо «нельга на чалавека вешаць ярлык правапарушальніка ў сытуацыі, калі ня створана магчымасьць для нармальнага руху».

Лукашэнка запатрабаваў разгрузіць участкі дарог, на якіх фіксуецца найбольш парушэньняў; павялічыць колькасьць парковачных месцаў; ставіць знакі, якія абмяжоўваюць хуткасьць руху, там, дзе гэта неабходна; адзначыў, што так і ня вырашана праблема арганізацыі руху на менскіх кальцавых дарогах і загадаў «знайсьці вінаватых і звольніць».

Пра «​палачную» сыстэму: «За гэта трэба саджаць»

Таксама Лукашэнка нагадаў аб праблеме «палачнай сыстэмы», якую «дасюль ня выкаранілі» з працы дзяржаўныя органы:

«Гэтым грашаць практычна ўсё: міліцыя, мытныя органы, падатковая інспэкцыя, пажарная служба, санстанцыя і іншыя. Даходзіць да таго, што кіраўніцтва з супрацоўнікаў патрабуе прынесьці ня менш за тры-пяць пратаколаў аб правапарушэньнях за дзень, калі не — застануцца бяз прэміі. Недапушчальна. За гэта трэба саджаць у турму без суду і сьледзтва», — сказаў Лукашэнка.

Часам і самі работнікі праяўляюць залішнюю стараннасьць у надзеі вылучыцца, сказаў Лукашэнка і дадаў, што ў яго па-ранейшаму шмат пытанняў у гэтым пляне да міліцыі.

«Нам трэба, напэўна, узяць і ў якасьці паказьнікаў унесьці: чым больш пратаколаў склалі, значыць, тым больш бардаку на ведамасных тэрыторыях па гэтай тэматыцы. І за гэта зь іх спаганяць. Тады ня будуць складаць лішніх пратаколаў», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што трэба «забясьпечыць стабільнасьць заканадаўства», бо за 12 гадоў дзеяньня Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях прынята 115 законаў, унесена больш за 1,4 тысячы паправак, і «пры падобных абставінах дэвальвуецца павага да закону».

Ён запатрабаваў падрыхтаваць яму цэласны дакумэнт па ўдасканаленьні парадку і ўмоваў прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці да ліпеня 2020 году, каб яго ня трэба было мяняць «мінімум наступныя 5 гадоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG