Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Францыі абвясьціў пра пэнсійную рэформу, нягледзячы на пратэсты


Акцыя пратэсту прафсаюзаў у Марсэлі

Прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп абвясьціў у сераду пра асноўныя парамэтры пэнсійнай рэформы, падрыхтоўка якой выклікала масавыя страйкі і акцыі пратэсту па ўсёй краіне.

Філіп заявіў, што мэта рэформы — спрасьціць пэнсійную сыстэму, а таксама дамагчыся яе ўстойлівасьці ва ўмовах старэньня насельніцтва. Людзі, якія працуюць, захаваюць магчымасьць выйсьці на пэнсію ў 62 гады, аднак улады будуць заахвочваць выхад на пэнсію на два гады пазьней — пэнсія ў такім выпадку будзе вышэйшай. Мінімальная пэнсія для тых, хто адпрацаваў поўны стаж, будзе 1000 эўраў на месяц.

Філіп паабяцаў, што рэформа закране толькі тых, хто нарадзіўся ў 1975 годзе ці пазьней.

Нягледзячы на шэраг саступак у параўнаньні зь першапачатковым плянам, прафсаюзы заяўляюць, што працягнуць акцыі пратэсту. Асабліва супраць рэформы пратэстуюць тыя катэгорыі працоўных, якія цяпер маюць права выйсьці на пэнсію раней, чым у 62 гады, напрыклад чыгуначнікі і докеры. Паводле новых плянаў, усе выняткі будуць скасаваныя, і пэнсійны ўзрост будзе адзіным для ўсіх.

Страйк, які працягваецца зь мінулага тыдня, закрануў галоўным чынам дзяржаўны сэктар эканомікі. Зь перабоямі працуе грамадзкі транспарт, у тым ліку парыскае мэтро.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG