Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціна, ікона і каўбаса з намёкам: Чатыры «антыкрызісныя» падарункі Лукашэнкі Пуціну


Якімі падарункамі абменьваліся кіраўнікі Беларусі і Расеі напярэдадні няпростых перамоваў аб інтэграцыі ды што яны маглі азначаць. Свабода сабрала зьвесткі пра падарункі і нагадала, пры якіх умовах адбываўся абмен прэзэнтамі.

«У кожнага свая гісторыя»

Сьнежань 2019 году. У Менску пратэстуюць супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Аляксандар Лукашэнка ў Сочы на перамовах з Уладзімірам Пуціным гэтую інтэграцыю абмяркоўвае. У Сочы ён прыяжджае не з пустымі рукамі: горадзенскія бастурма і паляндвіца, сыравэнджаная каўбаса «Ў кожнага свая гісторыя», сыр, цукеркі ад «Камунаркі», хрэн «Залатая кропля», гарчыца і бутэлька нейкай вадкасьці.

Пуцін наўзамен падарыў Лукашэнку самавар. Гэта ўжо другі самавар ад прэзыдэнта Расеі.

Што папярэднічала сустрэчы:

  • Забарона ўвозіць у Расею шэраг беларускіх тавараў
  • Рэзкія выказваньні Лукашэнкі — «на храна такі саюз»
  • Нявырашаныя спрэчкі пра кампэнсацыю за брудную нафту і падатковы манэўр
  • Спрэчкі вакол цаны на нафту і газ для Беларусі


Чатыры мяхі бульбы і сала

Сьнежань 2018 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца амаль перад самым Новым годам, 29 сьнежня ў Маскве. Лукашэнка дорыць Пуціну чатыры мяхі бульбы да сьвяточнага стала, а таксама сала. Прычым, як пазьней казала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, кожны гатунак бульбы — пад спосаб яе прыгатаваньня. Нешта трэба смажыць, нешта для дранікаў. Што Пуцін падарыў Лукашэнку, засталося за кадрам.

Што папярэднічала сустрэчы:

  • Нарастаньне праблемаў у гандлі паміж Расеяй і Беларусьсю
  • Спрэчкі аб цане на расейскі газ для Беларусі
  • Чарговыя забароны на пастаўкі беларускіх тавараў у Расею

«Анёл-ахоўнік» для Пуціна

Жнівень 2018 году. Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца ў Сочы і абменьваюцца падарункамі. Пуцін атрымоўвае ад кіраўніка Беларусі абраз «Анёл-ахоўнік». Як высьветлілі пазьней журналісты, ён мог быць зроблены ўкраінскімі майстрамі. Ад Пуціна Лукашэнка атрымаў карціну на тканіне ад уральскіх майстроў.

Пасьля перамоваў Лукашэнка не застаўся глядзець турнір самба разам з Пуціным, хоць раней такія пляны меў.

Што папярэднічала сустрэчы:

  • Нявырашаныя пытаньні паставак беларускіх прадуктаў у Расею
  • Лукашэнка абвінаваціў Расею ў «барбарскім падыходзе» да Беларусі
  • Лукашэнка заявіў, што Расея ў Эўразійскім саюзе «парушае дамоўленасьці»

«Лютаўскае неба» Санкт-Пецярбургу ўлетку

Чэрвень 2018 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустракаюцца ў Менску. Лукашэнка дорыць расейскаму прэзыдэнту карціну з выявай Санкт-Пецярбургу. Гэта карціна беларускага мастака Васіля Пешкуна «Лютаўскае неба», каштуе да тысячы даляраў.

У адказ Лукашэнка атрымаў ад Пуціна самавар з эмблемай чэмпіянату сьвету ў футболе, які ў той год праходзіў у Расеі.

У мінулыя, не такія вострыя на інтэграцыю гады Лукашэнка і Пуцін таксама абменьваліся падарункамі, але ўвагу на гэтым дзяржаўныя каналы не акцэнтавалі. Напрыклад, вядома, што ў 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка падарыў Пуціну «супэрлёгкі хакейны шалом», калі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў гулялі разам у хакей.

Што папярэднічала сустрэчы:

  • У разгары чарговая «малочная вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю
  • Расея цалкам можа забараніць увоз беларускага малака
  • Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка заклікаў шукаць новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG