Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні дальнабойнікаў пагражаюць «страйкам на фурах»: ім не хапіла дазволаў Мінтрансу 


Фура на польскай мяжы
Фура на польскай мяжы

Уладальнікі невялікіх фірмаў і індывідуальня прадпрымальнікі, якія займаюцца міжнароднымі аўтамабільнымі грузаперавозкамі, заяўляюць, што іх фактычна пазбавілі працы. У адказ пагражаюць мітынгам або страйкам.

Як вынікае з расьследаваньня Auto.tut.by, Міністэрства транспарту і камунікацыі абмежавала колькасьць «дазволаў» на праезд па тэрыторыі замежнай дзяржавы. Праблема, паводле некаторых зьвестак, закранула каля паўтысячы дробных фірмаў-перавозчыкаў.

Пацярпелі пераважна дробныя перавозчыкі, у якіх па 2-3 грузавікі. Амаль усе езьдзяць у Польшчу, для чаго патрэбны двухбаковыя дазволы. Аднак сёлета галіновае міністэрства ўвяло новую сыстэму разьмеркаваньня.

Згодна з раней адпрацаваным мэханізмам, транспартныя ведамствы розных краін дамаўляюцца і абменьваюцца паміж сабой пэўнай колькасьцю «дазволаў», а потым ужо кожная разьмяркоўвае іх паміж сваімі перавозчыкамі. Блянкі паўторна выкарыстоўваць нельга, парушэньне цягне штраф у некалькі тысяч эўра.

Перавозчыкі лічаць, што беларускія ўлады падтрымліваюць толькі буйныя кампаніі і пазбаўляюцца ад маленькіх. Абдзеленыя дальнабойнікі стварылі групу ў сацсетках (ужо больш за 700 удзельнікаў), а таксама пэтыцыю-прэтэнзію на імя міністра транспарту і камунікацыі.

У звароце да беларускіх уладаў выкладаецца сутнасьць праблемы і агучваецца патрабаваньне зьняць квоты на выдачу дазволаў.
Зрэшты, ёсьць у перавозчыкаў і больш радыкальныя ідэі: напрыклад, арганізаваць мітынг на грузавіках або страйк на фурах проста на дарозе ці нават перакрыць трасу каля мяжы.

У Міністэрстве транспарту і камунікацыі «вывучаюць пытаньне», але ўцямных камэнтароў адтуль пакуль што няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG