Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Фінляндыі ўзначаліць 34-гадовая сацыялістка Санна Марын


Санна Марын
Санна Марын

Санна Марын, 34-гадовая прадстаўніца партыі сацыял-дэмакратаў, неўзабаве, пэўна, стане самым маладым прэм’ер-міністрам Фінляндыі.

Некалькі дзён таму вымушана пайшоў у адстаўку папярэдні галоўны міністар Анці Рынэ — пасьля абвінавачваньняў у хлусьні і ў выніку «паштовага страйку», якая пракаціўся па краіне. Каб не распускаць урад і не аб’яўляць новыя выбары, кіроўная Сацыял-дэмакратычная партыя ў ноч на 9 сьнежня прапанавала некалькі кандыдатур на пасаду новага кіраўніка ўраду, і ўнутрыпартыйнае галасаваньне выйграла менавіта Санна Марын.

Як чакаецца, яна будзе зацьверджаная парлямэнтам і прэзыдэнтам на гэты пост у наступныя пару дзён. Раней Марын займала пасаду міністра транспарту і камунікацый.

Паведамляецца, што Санна Марын стане і самым маладым дзейным прэм'ер-міністрам у сьвеце. Да гэтага наймаладзейшым лічыўся прэм'ер-міністар Украіны Аляксей Ганчарук.

Пасьля выбраньня Марын Фінляндыяй упершыню будзе кіраваць «жаночая пяцёрка» — на чале чатырох іншых партый кааліцыйнага ўраду Фінляндыі таксама жанчыны: «Левы альянс» узначальвае 32-гадовая Лі Андэрсан; «Зялёную лігу» — 34-гадовая Мар'я Охісала; Цэнтрысцкую партыю ўзначальвае 32-гадовая Катры Кулмуні, партыю народа Швэцыі — 55-гадовая Анна-Мая Хэнрыксан.

Санна Марын паходзіць з рабочай сям’і і ня ўтойвае гэтага, яна прытрымліваецца сацыялістычных поглядаў. Марын супраць уваходжаньня Фінляндыі ў NATO і падтрымлівае «зялёную» палітыку, у тым ліку хоча скараціць у краіне колькасьць машын на бэнзіне і дызэльным паліве.

У сваім блогу Марын расказвала, што яе выгадавала маці-адзіночка, якая была ў адносінах з жанчынай, і сям’я жыла ў пастаяннай нястачы. Санна першая зь сям’і атрымала вышэйшую адукацыю.

Парлямэнцкія выбары ў Фінляндыі прайшлі ў красавіку 2019 году, на іх сацыял-дэмакраты перамаглі зь невялікім адрывам, набраўшы 17,7% галасоў, пры гэтым усяго на 0,2% ад іх адстала ўльтраправая партыя «Сапраўдныя фіны». Але кааліцыйны ўрад пры гэтым ўзначаліла прадстаўніца цэнтрысцкай партыі, якая атрымала 13,8% галасоў выбарнікаў. Нават пасьля адстаўкі прэм’ера партыя працягвае знаходзіцца ў кааліцыі з сацыял-дэмакратамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG