Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчырая размова з трансгендэрным хлопцам Яўгенам пра карэкцыю полу. ВІДЭА


«Мяне завуць Яўген Вялько. Да мяне трэба зьвяртацца „ён“. І я — чалавек», — кажа 23-гадовы трансгендэрны хлопец зь Менску.

Яўген усьміхаецца і пачынае расказваць, як ён быў дзяўчынкай Дар’яй, якая насіла сукенкі і адгадавала даўгія валасы. Як ён глядзеў на гэтую даволі прывабную дзяўчыну ў люстэрку і вырашыў усё памяняць, каб «стаць сабою», хлопцам. І праз што дзеля ўсяго гэта прыйшлося прайсьці. Пра гэта — у публікацыі Свабоды.

«Окей, Дар’я і Дар’я, яна і яна»

У дзяцінстве ў Яўгена не было моцных праблемаў зь імем, адзеньнем ці паводзінамі. Паколькі ён быў рухавай дзяўчынкай, любіў палазіць па дрэвах і пабегаць у двары, то апраналі яго папросту зручна (можа, нават гендэрна нэўтральна). Яўген кажа, што гэта было вясёлае і рухавае дзяцінства, а не пратэст супраць усяго дзявочага.

Першыя пытаньні да сябе пачалі зьяўляцца ў пубэртатным узросьце, калі кампаніі хлопчыкаў і дзяўчатак разьдзяліліся, хлопчыкі пачалі абмяркоўваць дзяўчат і наадварот, а цела пачало мяняцца. Яўген ужо ня быў «сваім сябруком» у кампаніі хлопцаў. Яму сталі падабацца хлопчыкі, што было натуральна для дзяўчынкі, але і дзяўчынкі таксама. Да ўсяго іншага, яшчэ і пачалі расьці грудзі.

Фотаздымак зроблены ў 2015 годзе
Фотаздымак зроблены ў 2015 годзе

«Першае, што прыйшло ў галаву: можа, я бісэксуальная дзяўчына?»

Яўген кажа, што ломкі ўнутранай у той момант у сувязі з арыентацыяй не было. Ён западозрыў у сабе бісэксуальнасьць і прызнаўся маці, што яму, напэўна, падабаюцца дзяўчаты. Маці прыняла яго такім, які ёсьць, і пазьней падтрымала яго рашэньне зрабіць гендэрны пераход. Перажывала толькі, колькі цяжкасьцяў і складанасьцяў давядзецца перажыць пры гэтым няпростым выбары.

«Афігець, ня толькі ў Амэрыцы бываюць гендэрныя пераходы»

Упершыню пра трансгендэрных людзей і магчымасьці гендэрнага пераходу Яўген пачуў на ЛГБТ-тусоўках. Для яго было вялізным адкрыцьцём, што такое магчыма, прычым ня недзе там, за мяжою, але і ў Беларусі. Паступова ён пачаў разьбірацца і распытваць знаёмых, што гэта такое і як робіцца. Але, пачуўшы мноства тыповых гісторый, задумаўся, бо ягоная гісторыя не была падобная.

«Чаму я не выкідаў лялек і не гуляў у машынкі?»

Яўген сумняваўся, задаваўся пытаньнямі. Ці сапраўдны ён? Ці падабаецца яму дзяўчына, якую ён бачыць у люстэрку? Ці мог бы ён стаць мужчынам? Але пры гэтым не было такога моманту, калі нешта стрэльнула ў галаву і ён асэнсаваў: «Я хлопец». Асэнсаваньне прыходзіла паступова.

Пасьля цяжкага пэрыяду ў жыцьці, перажытага гвалту з боку роднага дзядзькі, які спрабаваў перавыхаваць іх з маці, пасьля расстаньня з каханай дзяўчынай у іншай краіне, Яўген вярнуўся і адважыўся на першы крок: абстрыгчы валасы. Толькі тады зразумеў, што вось яно — і назад ходу няма.

«Як я ўвогуле бяз гэтага жыў?! Гэта была калясальная палёгка. Быццам я ўсё жыцьцё жыў іншым чалавекам», — кажа Яўген.

Пасьля гэтага ён пачаў болей і болей дазнавацца ад знаёмых пра транс-пераход у Беларусі. Тады і адважыўся пайсьці на наступны крок — стаў на ўлік па карэкцыі біялягічнага полу.

«Адчуваньне, што ты прыяжджаеш прасіць пра нешта страшнае»

Два гады пайшло на тое, каб прайсьці ўсе мэдыцынскія і юрыдычныя працэдуры. Яўген мусіў пэрыядычна прыяжджаць у мэдыцынскія ўстановы і зноў і зноў даводзіць, што ён хлопец. Пры гэтым трэба было адказваць на сотні «вельмі інтымных, часам непрыемных, няёмкіх пытаньняў» з боку сэксолягаў і псыхіятраў.

Суразмоўца кажа, што ў Беларусі «транссэксуальнасьць» усё яшчэ лічыцца хваробай. І падчас працэдуры пераходу Яўген мусіў нават паляжаць у стацыянары псыхдыспансэра. А пасьля зноў адказаць на ўсе інтымныя пытаньні перад спэцыяльнай камісіяй, якая вырашае, «ці сапраўдны ты трансгендэрны мужчына, ці не».

Пасьля двух гадоў хаджэньня па мэдыцынскіх установах і ЗАГСах суразмоўца мае афіцыйнае заключэньне і новы пашпарт. Цяпер ён Яўген Вялько. Трансгендэрны мужчына. Чалавек, які дамогся, каб яго афіцыйна называлі так, як ён сябе адчувае.

Ён кажа, што плянуе мастэктамію — апэрацыю па выдаленьні малочных залозаў. А таксама разважае, ці хоча ён іншых фізіялягічных зьменаў у арганізьме і ці адважыцца зрабіць іх. Напрыклад, на апэрацыю па фармаваньні чэлеса.

«Я ніколі не імкнуўся гаварыць пра ўсіх людзей у Беларусі. Мая гісторыя адрозьніваецца ад іншых гісторый транслюдзей. Але гэта і клясна. Так таксама бывае!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG