Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб ня думалі, што Беларусь — гэта Расея». У Празе беларусы выйшлі на пікет супраць інтэграцыі з Расеяй


Пікет супраць інтэграцыі на Старамесцкай плошчы ў Празе

8 сьнежня на Старамесцкай плошчы ў цэнтры Прагі на мітынгу супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй сабралася каля 30 беларусаў і некалькі ўкраінцаў.

Арганізатарка пікету Кацярына Парыжаская, студэнтка аднаго з чэскіх унівэрсітэтаў, кажа, што выйшла перш за ўсё, каб падтрымаць людзей, якія пратэстуюць у Менску.

«Нам, беларусам за мяжой, ня ўсё роўна, што адбываецца ў нашай краіне», — патлумачыла Парыжаская Свабодзе.

Украінкі Тацяна і Зіна кажуць, што ім важна падтрымаць беларусаў, бо яны ня хочуць, каб Расея забірала тэрыторыі незалежных краін.

«Ужо абрыдла тое, як сябе паводзіць Расея. Яна адняла Крым, адняла Данбас, а цяпер хоча адняць і Беларусь, — кажа Тацяна. — Я лічу, што трэба паказаць, што мы супраць гэтага, што мы хочам гэта спыніць. Як па мне, то гэтая падтрымка паміж краінамі вельмі важная».

На плошчы, дзе сабраліся беларусы, шмат турыстаў. Яны падыходзяць, глядзяць і з цікавасьцю пытаюцца, чаму людзі выйшлі на пікет.

На мітынг прыйшлі беларусы рознага ўзросту, хапае моладзі.

Мы падыходзім да кампаніі маладых людзей. Гэта Ганна, два Сержукі і Аляксандар. Яны зьехалі зь Беларусі, каб атрымаць у Чэхіі вышэйшую адукацыю, але часта езьдзяць на бацькаўшчыну.

«Каб наша ўлада ведала, што мы існуем», — адказвае Аляксандар на пытаньне, чаму для яго важна было выйсьці на пікет.

«Калі ёсьць хоць нейкая магчымасьць нешта зрабіць, нават проста пастаяць і такім чынам выказацца, трэба ёй карыстацца», — дадае Ганна.

Маладыя людзі дадаюць, што ў сьвеце шмат хто думае, што Беларусь — гэта частка Расеі.

«Мы хочам пастаяць тут, каб людзі зразумелі, што адбываецца паміж Беларусьсю і Расеяй. Яны паглядзяць, можа, штосьці пагугляць і будуць ведаць», — кажа Сяржук.

Акцыя беларусаў у Празе была дазволеная мясцовымі ўладамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG