Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мае намер аднавіць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі 7 сьнежня


Ва Ўкраіне чакаюць аднаўленьня паставак электраэнэргіі зь Беларусі пасьля завяршэньня рамонтных работ на міждзяржаўных лініях электраперадач, паведамілі БелаПАН у нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга».

«НЭК "Укрэнэрга" не пацьвярджае інфармацыю аб прыпыненьні ўкраінскімі трэйдарамі імпарту электраэнэргіі зь Беларусі. Паводле прагнозу, імпарт электраэнэргіі зь Беларусі будзе працягнуты з 7 сьнежня 2019 году пры наяўнасьці попыту», — паведамілі ў «Укрэнэрга», камэнтуючы інфармацыю ў СМІ аб прыпыненьні ўкраінскімі трэйдарамі імпарту беларускай электраэнэргіі.

У ведамстве сказалі, што па выніках месячнага аўкцыёну доступ да прапускной здольнасьці электраэнэргіі па кірунку зь Беларусі ва Ўкраіну разьмеркаваны на сьнежань 2019 году, пачынаючы з 7 чысла, бо з 1 па 6 сьнежня праводзілі плянавыя рамонтныя работы.

Раней у СМІ зьявілася інфармацыя, што зь 1 сьнежня ўкраінскія трэйдары перасталі закупляць электраэнэргію зь Беларусі таму, што яна даражэй, чым ва Ўкраіне.

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі БелаПАН сказалі, што цяпер не прадаюць электраэнэргію ва Ўкраіну з прычыны рамонту, а далей будуць «паступаць у адпаведнасьці з законамі эканомікі»: «калі гэта нам будзе выгадна, то мы працягнем супрацоўніцтва, але гандляваць сабе ў страту мы ня будзем».

Беларусь цягам ліпеня-кастрычніка стала найбольшым пастаўніком электраэнэргіі ва Ўкраіну — украінскія спажыўцы атрымалі 644,9 мільёна кіляват-гадзін беларускай энэргіі. Але ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня Ўкраіна спыніла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі.

У лістападзе Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны паведамляла, што ў прагнозным балянсе электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны ў 2020 годзе прадугледжаны закуп у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэта амаль траціна ад заплянаванага налета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG