Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскі актывіст Агафонаў спыніў беларусізацыю вуліц у Браславе


Ілюстрацыйнае фота

Браслаўскі райвыканкам ануляваў вынікі інтэрнэт-галасаваньня, у якім 90% выказаліся за беларускамоўныя шыльды ў горадзе. Улады кажуць, што прыслухаліся да думкі расейскамоўных «​з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй». ​

Месяц таму на сайце мясцовай раённай газэты «Браслаўская звязда» было запушчана апытаньне: «На якой мове павінны быць выкананы шыльды з указаньнем найменьняў устаноў, арганізацый, вуліц на Браслаўшчыне?»

Кампанію ініцыяваў Браслаўскі райвыканкамам і па яе выніках мусіў вызначыцца, якая мова будзе пераважаць у афармленьні гораду.

Прарасейскі актывіст Арцём Агафонаў
Прарасейскі актывіст Арцём Агафонаў

У выніку больш за 90% удзельнікаў галасаваньня выказаліся за беларускую. Аднак лічбы абурылі прарасейскага актывіста Арцёма Агафонава, які напісаў заяву ў райвыканкам пра «фальсыфікацыі».

Сыгнал быў разгледжаны. Як расказаў Свабодзе сам Агафонаў, у адказе яму за подпісам намесьніцы старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольгі Вялічкі гаворыцца, што апытаньне было згорнутае — на той падставе, што ў ім бралі ўдзел ня толькі жыхары Браслаўскага рэгіёну. У рэдакцыі пацьвердзілі, што атрымалі загад дачасна спыніць акцыю.

У сваю чаргу браслаўская чыноўніца падзякавала Агафонаву «за актыўную грамадзянскую пазыцыю» ў абмеркаваньні грамадзка-значных пытаньняў.

Цяпер у горадзе шыльды выкананыя ў двух варыянтах — і па-беларуску, і па-расейску. Якой мове далей будзе давацца перавага, высьветліць не ўдалося, Вольгі Вялічкі на працоўным месцы няма.

Сам Агафонаў, які не жыве ў Браславе, не хавае радасьці ад сваёй «перамогі»:

«Нацыяналістам не ўдалося сфальсыфікаваць апытаньне і навязаць гораду беларусізацыю», — канстатуе ён і кажа, што зьбіраецца і надалей «тармазіць дэрусіфікатараў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG