Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра сьвятара Адама Станкевіча, якому не хапала каханьня ў вершах Багушэвіча


Адам Станкевіч
Адам Станкевіч

29 лістапада — 70 гадоў, як у сталінскай няволі загінуў беларускі каталіцкі сьвятар, палітык, культурніцкі дзеяч Адам Станкевіч (1892–1949). Ён ствараў беларускія гурткі, рэдагаваў газэты і часопісы, засноўваў друкарні, выдавецтвы і культурна-асьветныя арганізацыі, быў паслом польскага Сэйма... Першы дасьледчык, хто вывучаў судовую справу Каліноўскага і адшукаў асобныя нумары «Мужыцкай праўды». Праз усё сваё жыцьцё змагаўся за стварэньне нацыянальнага беларускага касьцёла.

1. Лічыў што Беларусь, Літва, Украіна і Расея павінны жыць у гарманічным адзінстве

«Калі наступіць поўнае зрэалізаваньне народных ідэалаў ліцьвінаў, беларусаў і ўкраінцаў, калі ідэалы гэтыя прыадзенуцца ў вопратку паасобнай іх самастойнасьці — будзе гэта толькі этап да яшчэ бліжэйшага сужыцьця іх, да шырокай супольнай палітычнай арганізацыі, маючай вокны на сьвет шырокі праз Чорнае і Балтыцкае мора. Адроджаныя культурна, самастойныя палітычна, асьвечаныя духам Вітаўта Вялікага народы гэтыя ўбачаць, як дарэмныя кошты на лішняе войска, на непатрэбную абарону граніц, як беспатрэбныя гранічныя труднасьці пашпартовыя, мытныя і г.д. Ідэал бліжэйшага сужыцьця і супрацоўніцтва гэтых народаў падыктуе ім гэта. А да гэтага гарманічнага сужыцьця Беларусі, Літвы і Ўкраіны далучацца такжа і Польшча, і Расея — усе як сапраўды „вольныя і роўныя“... У гэтым жа ідэалёгія Вітаўта, душа яго і праца...»

2. Даказваў, што Скарына пісаў па-беларуску

«...шмат каму мова Скарыны можа здацца і не беларускай проста для таго, што ў многім не падобна да сяньняшняй беларускай мовы і ў многім розная ад яе. У адказ на гэта мусім прыпомніць вось што. Сёлета сьвяткуем 400 гадоў скарынаўскага друку. А за 400 гадоў каб не зьмянілася ані трохі мова беларускага народу — зусім немагчыма. Кожная жывая мова разьвіваецца і зьмяняецца, хоць у аснове сваей астаецца тэй самай жа. ...беларуская мова, што за часоў Скарыны была яшчэ ня так далёка ад мовы стараславянскай, на якой вучыўся граматы і сам Скарына... »

Язэп Драздовіч. Бацькоўская хата Адама Станкевіча ў вёсцы Арляняты, 1939 год
Язэп Драздовіч. Бацькоўская хата Адама Станкевіча ў вёсцы Арляняты, 1939 год

3. Лічыў, што бальшавіцкі тэрор супраць беларусаў толькі зробіць народ нацыянальна мацнейшым

«...у сваім сучасным імкненьні да вольнага нацыянальнага і сацыяльнага жыцьця і да эканамічнага дабрабыту народ беларускі напаткаў вялікую перашкоду з боку маскоўскага камунізму, які, сілай ломячы ўсебаковае беларускае нацыянальнае адраджэньне, творыць зь беларусаў казённых парабкаў-пралетарыяў без сваёй гаспадаркі, без сваёй бацькаўшчыны і ўласнай волі... сучасны перасьлед Масквой беларускай нацыі... справу беларускага адраджэньня і вызваленьня гэтай нацыі толькі прысьпяшыць і больш скрысталізуе».

4. Не любіў клясыцызм

«У ХVIII ст. у літаратуры панаваў... так званы клясыцызм. ...пісьменьнікі... сьлепа прытрымліваліся... формаў і спосабаў старадаўных грэкаў і рымлянаў, а не ўнікалі ў дух і глыбіню думак іх. Гэтыя новыя клясыкі... ня бралі з культуры старадаўных грэкаў і рымлянаў веды, а бралі толькі форму... Гэта ў выніку прывяло да ўпадку літаратуры, да сьмешнасьці нават і змусіла пісьменьнікаў шукаць новых дарог».

5. Сьцьвярджаў, што Каліноўскі быў супраць паўстаньня

Ксёндз Адам Станкевіч. 1920-я гг.
Ксёндз Адам Станкевіч. 1920-я гг.

«Каліноўскі — як і беларускі, і літоўскі народ, і, бадай, большасьць дробнай шляхты — быў фактычна проціў паўстаньня, бо ня верыў у яго ўдачу і было яно нязгоднае зь яго ідэалёгіяй... Польшча ня брала пад увагу інтарэсаў Літвы. Сяляне Літвы ўважалі, што зямля ўся іх і што паны яе даць ім ня хочуць. Яны бачылі ў паноў яшчэ і неабрэзаныя ногці і паўстаньне лічылі справай панскай... Гэткіх поглядаў быў і сам Каліноўскі, але калі паўстаньне стала фактам, ён — як... ураджэнец гэткага краю мусіў выступіць у імя дабра народу».

6. Лічыў, што Акт 25 сакавіка 1918 году не азначае «ніякага палітычнага ладу»

«Акт 25 сакавіка 1918 г. у сутнасьці не азначае ніякага канкрэтнага палітычнага ладу, не нясе з сабой ніякіх так званых палітычных арыентацыяў, ані тым больш ня мае ў сабе нейкіх варожасьцяў да якога-небудзь народу. Акт 25 сакавіка нясе беларускаму народу прадусім волю выбіраць сабе такі палітычны лад, які яму найбольш даўспадобы і які яму быў найбольш карысны».

7. Дзівіўся, што ў творчасьці Багушэвіча няма матываў жаночага каханьня

«І рэч дзіўная — Багушэвіч так праняты горам народу, што струн ліры яго не кранулі ані краса прыроды, ані чары жаночага каханьня. Два гэтыя жаролы, якія звычайна даюць шмат натхненьня для паэтычнай творчасьці, Багушэвіча ня ўзрушылі... Матываў аб жаночым каханьні сусім там не спатыкаем».

Ксяндзы-беларусы Янка Семашкевіч (Янка Быліна), Адам Станкевіч, Кастусь Стэповіч (Казімір Сваяк)
Ксяндзы-беларусы Янка Семашкевіч (Янка Быліна), Адам Станкевіч, Кастусь Стэповіч (Казімір Сваяк)

8. Параўноўваў сьпевака Забэйду-Суміцкага з Прамэтэем

«На беларускім сьпяваючым Алімпе ён першы сапраўды адыграў ролю Прамэтэя: ён, нягледзячы на закляцьці даўнейшых і сучасных варожых нам калдуноў і варажбітоў, здабыў ключ да беларускіх народных песьняў і адчыніў народу да іх доступ, здабыў той сакрэтны агонь, якім умее так асьвяціць і разагрэць народную душу...»

9. Лічыў паганства шкодным для беларускага нацыянальнага адраджэньня

«Рэлігія паганская ў беларусаў была разнаякая, раздробленая, з многімі прымітыўнымі і наіўнымі абрадамі і багамі. Гэтая рэлігія служыла не паўстаньню і ўзросту беларускай нацыянальнасьці, але, наадварот, яе раздрабленьню і расьцярушаньню».

10. Абураўся, што ў 1920-я польскія ўлады высякалі беларускія лясы

«...урад даець дазвол розным багачам-спэкулянтам на рубку лясоў у Заходняй Беларусі, як Белавескай пушчы і інш. Калі такая гаспадарка польскага ўраду патрывае даўжэй, дык ад лясоў нашых астануцца толькі адны пні».

Выкарыстаная літаратура

1. А. Станкевіч. Вітаўт Вялікі і Беларусы. Вільня. 1930 г.
2. А. Станкевіч. Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525–1925). Вільня. 1925 г.
3-6. А. Станкевіч. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня. 1935 г.
7. А. Станкевіч. Франціш Багушэвіч. У трыццатыя ўгодкі ягонай сьмерці. Вільня. 1930 г.
8. А. Станкевіч. Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня. Вільня. 1938 г.
9. А. Станкевіч. У чэсьць 950-годзьдзя хрышчэньня Беларусі. Вільня. 1938 г.
10. Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Вільня. 2008 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG