Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны NATO ўзгаднілі новую формулу бюджэту: ЗША будуць плаціць менш, Нямеччына больш


Краіны NATO ўзгаднілі новую формулу разьліку грашовых унёскаў у агульны бюджэт альянсу: ЗША ў будучыні скароцяць сваю долю, а Нямеччына павялічыць. Пра гэта заявіў у чацьвер генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

«Так, гэта праўда, што мы ўзгаднілі новую формулу па разьмеркаваньні выдаткаў. ЗША заплацяць менш, Нямеччына заплаціць больш. Гэта значыць ЗША і Нямеччына заплацяць аднолькава, амаль па 16% бюджэту NATO», — сказаў Столтэнбэрг.

Цяпер унёсак Нямеччыны ў бюджэт NATO складае 14,8%, у той час як ЗША забясьпечваюць 22% выдаткаў або больш як $260 млн. Сукупны бюджэт NATO на гэты год складае больш за $1,5 млрд.

Скарачэньне выдаткаў ЗША на абарону ў рамках NATO некалькі гадоў было адным з жорсткіх патрабаваньняў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на перамовах зь лідэрамі эўрапейскіх краін.

«Чаму мы павінны абараняць Нямеччыну ад Расеі? Мы, ЗША, плацім велізарныя грошы за тое, каб бараніць Нямеччыну і Францыю. Але пры гэтым Нямеччына купляе ў Расеі газ на мільярды даляраў штогод і залежыць ад яе! Гэта несправядліва ў адносінах да нашай краіны і да нашых падаткаплатнікаў», — заяўляў Трамп.

Улетку 2018 году прэзыдэнт ЗША абвясьціў, што яму ўдалося дамагчыся ад краінаў Эўразьвязу павелічэньня выдаткаў на абарону, але той жа Макрон тады гэта адмаўляў. Трамп таксама патрабаваў, каб выдаткі краін NATO на абарону складалі не менш за 2% іх ВУП, але цяпер гэтае патрабаваньне выконваюць толькі 8 з 29 краін альянсу.

Тэлеканал CNN раней сьцьвярджаў, што ЗША зьбіраюцца накіраваць «зэканомлены» такім чынам вайсковы бюджэт на прамую дапамогу Ўкраіне і Грузіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG