Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік БПЦ Сяргей Лепін: «Канстанціну Бурыкіну забаронены ўезд у Беларусь»


Праз гэта ўскладняецца працэдура пазбаўленьня яго сьвятарскага сану.

18 лістапада стала вядома, што Канстанцін Бурыкін вызвалены з калёніі пасьля адбыцьця 3-гадовага тэрміну пакараньня. Разам з тым расьсьледаваньне крымінальнай справы, паводле якой Бурыкін падазраецца ў сэксуальным гвалце над уласнай дачкой Аляксандрай, працягваецца.

«Расьсьледаваньне гэтай крымінальнай справы ня спыненае, — паведаміў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. — Гэта ўсё, што я пакуль магу паведаміць».

Празь дзень пасьля вызваленьня Канстанціна Бурыкіна зьявілася неафіцыйная інфармацыя пра яго дэпартацыю зь Беларусі. 28 лістапада ў размове са Свабодай яе пацьвердзіў кіраўнік сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ Сяргей Лепін. Паводле яго, гэта ўскладняе правядзеньне царкоўнага суду аб пазбаўленьні Бурыкіна сьвятарскага сану.

«Апошнія сапраўдныя зьвесткі аб месцы знаходжаньня Канстанціна Бурыкіна сьведчылі, што ён знаходзіўся на тэрыторыі Расеі, — паведаміў Сяргей Лепін. — Дзе ён знаходзіцца цяпер, невядома. Нішто яму не забараняе паехаць у якую-хаця краіну сьвету, акрамя Беларусі. У Беларусь уезд Канстанціну Бурыкіну забаронены.

Гэта ўскладняе правядзеньне царкоўнага суду БПЦ у яго справе. Суд, які пазбаўляе сану сьвятара, павінен адбыцца, але ён можа адбыцца толькі на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, такі суд адбудзецца на той тэрыторыі, дзе знаходзіцца Канстанцін Бурыкін. Пакуль у мяне няма больш удакладненьняў на гэты конт».

На які тэрмін Бурыкіну забаронены ўезд у Беларусь, дакладна невядома. Свабода зьвязалася з жонкай Бурыкіна Вольгай. Яна паведаміла, што цяпер у Менску, аднак адмовілася раскрываць месца знаходжаньня мужа. Дачка Бурыкіна Аляксандра ў размове са Свабодай таксама сказала, што ня ведае, дзе яе бацька.

«Я нічога ня ведаю пра гэта, ён не спрабаваў зьвязацца са мной, — сказала Аляксандра Бурыкіна. — Мяне па-ранейшаму выклікаюць на допыты, расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца. Больш я ня ведаю нічога».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG