Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнта Бразыліі асудзілі на 17 гадоў турмы за карупцыю


Лула да Сілва пасьля выхаду на волю 8 лістапада

Рэгіянальны фэдэральны суд 4-й акругі гораду Бразыліі прызнаў вінаватым экс-прэзыдэнта Лулу да Сілву і пастанавіў павялічыць тэрмін пакараньня ў справе аб карупцыі да 17 гадоў і аднаго месяца.

«Камісія 4-га фэдэральнага рэгіянальнага суду аднагалосным рашэньнем пацьвердзіла абвінаваўчы прысуд экс-прэзыдэнту Луісу Інасію Лулу да Сілву па абвінавачваньнях у пасіўнай карупцыі і адмываньні грошай у рамках справы Атыбая. Пакараньне складзе 17 гадоў, 1 месяц і 10 дзён пазбаўленьня волі», — гаворыцца ў паведамленьні суду ў твітэры пасьля разгляду апэляцыі да Сілвы.

Справа тычыцца дому і зямельнага надзелу ў паселішчы Атыбая (штат Сан-Паўлу). Паводле праваахоўнікаў, сапраўдным іх уладальнікам ёсьць Лула да Сілва, хоць афіцыйна яны зарэгістраваныя на людзей зь ягонага атачэньня. Сьледзтва сьцьвярджала, што экс-прэзыдэнт мог набыць дом у Атыбая на незаконна атрыманыя сродкі або яго перадалі палітыку прыватныя кампаніі ў абмен на нейкія прывілеі. Лула да Сілва сьцьвярджаў, што ён сапраўды мерыўся набыць гэтую нерухомасьць, аднак уладальнік адмовіўся яе прадаваць.

Лула да Сілва стаў першым экс-прэзыдэнтам Бразыліі, якога адправілі ў турму празь зьвязаную з карупцыяй крымінальную справу. У красавіку Вярхоўны суд скараціў тэрмін зьняволеньня палітыку з амаль 13 гадоў да 8 гадоў і 10 месяцаў. Да Сілва прабыў у турме год і 7 месяцаў. 8 лістапада ён выйшаў на волю пасьля таго, як Фэдэральны вярхоўны суд Бразыліі прыняў рашэньне, якое прадугледжвае скасаваньне абавязковага зьняволеньня асуджаных пасьля прайгранай першай апэляцыі.

Лула да Сілва быў прэзыдэнтам Бразыліі з 2003 па 2010 год. Пасьля антыкарупцыйных расьсьледаваньняў ён і яшчэ шэраг топ-палітыкаў аказаліся пад падазрэньнем у карупцыі. У жніўні 2016 году быў абвешчаны імпічмэнт Дылме Русеф — пераемніцы да Сілвы. Цяпер выстаўленыя падазрэньні і наступнаму кіраўніку дзяржавы Мішэлю Тэмеру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG