Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера ў Кіргізстане арыштавалі за камэнтары пад ягонымі допісамі ў Фэйсбуку


Афтандыл Жарабекаў

У Кіргізстане на два месяцы арыштавалі блогера Афтандыла Жарабекава. Яго падазраюць у распальваньні міжрэгіянальнай варожасьці. У папулярнай групе ў Фэйсбуку Жарабекаў зьмясьціў некалькі допісаў з крытыкай улады, а іншыя карыстальнікі пакідалі пад імі камэнтары.

На думку Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану, гэта «прывяло да абуджэньня ў людзях пачуцьця нянавісьці адзін да аднаго ў выглядзе распальваньня міжрэгіянальнай варожасьці».

Цяпер Жарабекаў знаходзіцца ў СІЗА. Ён у статусе падазраванага ў крымінальнай справе па ч. 2 арт. 313 Крымінальнага кодэксу Кіргізстану. Паводле гэтага артыкулу яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Юрыст Акмат Алагушаў назваў затрыманьне Жарабекава «нонсэнсам» і нагадаў, што ў законах Кіргізстану няма нормы аб тым, што карыстальнікі мусяць мадэраваць камэнтары пад сваімі публікацыямі ў сацыяльных сетках.

У Беларусі апошнім часам карыстальнікаў сацыяльных сеткак сталі ўсё часьцей прыцягваць да адказнасьці за допісы або перапосты ў сацыяльных сетках, якія ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізму (сюды ўключаюць заклікі да захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, прапаганду перавагі або непаўнацэннасьці грамадзян паводле расавай, рэлігійнай, нацыянальнай або моўнай прыкметы), за пашырэньне парнаграфіі, наркотыкаў, зьвестак аб тэрарызьме, а таксама за абразу і паклёп. Праўда, за камэнтары да допісаў у нас прыцягваюць да адказнасьці аўтара камэнтара, а ня допісу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG