Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове ўшанавалі Дзень Герояў Беларусі. ФОТА


Сёньня ў Львове ўшанавалі Дзень Герояў Беларусі, прысьвечаны гадавіне Слуцкага збройнага Чыну. У акцыі прынялі ўдзел львавяне і беларускія актывісты, якія адмыслова прыехалі ў Львоў. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, выяву гэрба «Пагоня», а таксама ўкраінскі сіне-жоўты сьцяг.

«Я прыехаў зь Менска. Паколькі ў сталіцы Беларусі такой акцыі не зможаш правесьці. Гэтая дата вельмі важная, як для ўкраінцаў, якія ня першы год са зброяй у руках абараняюць сваю незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць, жаданьне жыць у сваёй дзяржаве так, як яны хочуць, а не як ім хочуць навязаць, а гэта Расея. Для беларусаў гэтая дата вельмі важная, бо гэта незабыўны прыклад, як трэба абараняць сваю свабоду, годнасьць. З 1921 года адзначаецца гэтая дата. У эміграцыі пачалі такое сьвяткаваньне, як Дзень Герояў», — кажа беларускі паэт, бард Зьміцер Захарэвіч.

У Львове традыцыйна ўшаноўваюць Дзень Герояў Беларусі з 2011 года. Сёньня адбыўся круглы стол, на якім казалі пра гістарычную падзею і праводзілі паралелі з сучаснасьцю.

«Гэта наша беларуская гісторыя, гісторыя Беларусі і Ўкраіны. Для нас вельмі важныя акцыі салідарнасьці, яны праходзяць ва Ўкраіне. Таму што тут знайшлі вечны супакой героі вызвольнага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі. Тут яны пахаваныя на Лычакаўскіх могілках, пра гэта ня ўсе ведаюць, як ва Ўкраіне, так і Беларусі. Вельмі важная гэтая старонка гераічная, таму што сёньня Беларусі пагражае анэксія, невядома, якія будуць падпісаны дакумэнты ў сьнежні і мы можам страціць незалежнасьць », — сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая.

Удзельнікі акцыі ў Львове спачатку правялі мітынг на рынкавай плошчы, потым прайшліся да помніка Тарасу Шаўчэнку і правадыру АУН Сьцяпану Бандэру.

Фота Галіны Цярашчук, карэспандэнта Радыё Свабода ў Львове

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG