Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У краінаў ЭЗ няма вялікага жаданьня ісьці на канфлікт зь Літвой дзеля пагадненьня з Беларусьсю, — фінскі экспэрт


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, Астравец, 11 кастрычніка 2019
Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, Астравец, 11 кастрычніка 2019

Літва адмовілася ад прапановы Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу, паўдзельнічаць у трохбаковых кансультацыях зь Беларусьсю наконт пэрспэктываў Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Прапанову правесьці трохбаковыя кансультацыі агучыў 25 лістапада ў Менску міністар замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Чаму Літва адмовілася ад перамоваў? Ці не апынецца яна ў ізаляцыі ў ЭЗ з-за сваёй непахіснай пазыцыі адносна Беларускай АЭС? Якія шанцы на тое, што іншыя суседзі Беларусі — чальцы ЭЗ — адмовяцца купляць электрычнасьць у Беларусі?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да дырэктара праграмы Ўсходняга партнэрства ЭЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзя Мошаса.

Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас

— Чаму Літва адмовілася ад пасярэдніцкіх паслугаў Фінляндыі, якая прапанавала перамовы наконт АЭС? Зараз Фінляндыя старшынюе ў ЭЗ, яе міністар замежных справаў — па пасадзе кіраўнік Рады ЭЗ. А хто ад імя ЭЗ павінен запрашаць на такія перамовы?

— Тут напэўна пытаньне ня ў тым, хто мусіць запрашаць на такія перамовы. У рэшце рэшт старшыняваньне Фінляндыі ў ЭЗ ужо сканчаецца і пасьля рэформаў ЭЗ нацыянальнае старшыняваньне ня мае той вагі і паўнамоцтваў, якія мела раней. У Брусэлі ёсьць іншыя органы, ёсьць старшыня Эўрапейскай рады, ёсьць прадстаўнікі Эўракамісіі.

З пункту гледжаньня статусу Літва хацела б, каб гэта было пытаньне не адной краіны-пасярэдніка, а каб заклапочанасьць Літвы прагучала на больш высокім узроўні, на ўзроўні ўсяго ЭЗ.

Але магчыма прычына адмовы ня толькі ў гэтым. Магчыма Літва ў цяперашняй сытуацыі проста не адчувае жаданьня дамаўляцца. Яна лічыць, што пэўны час можа блякаваць пэўныя дыпляматычныя рухі цела Эўразьвязу. І зь яе пункту гледжаньня яна гэтым дамагаецца большага. Літве вельмі складана зараз адступаць, яна ўжо даволі высока падняла плянку. Згода на кансультацыі і пасярэдніцтва Фінляндыі вымагалі б неабходнасьць дамаўляцца. А гэта ня вельмі ўпісваецца ўва ўнутрыпалітычны і зьнешнепалітычны кантэкст Літвы.

— У Эўразьвязе слова «дыялёг» — хіба не самае моднае і папулярнае. І калі Літве прапануюць дыялёг, а яна адмаўляецца — ці ня можа гэта прывесьці да пэўнай ізаляцыі Літвы ў ЭЗ?

— Патэнцыйна гэта безумоўна стварае праблемы. ЭЗ, яго кухня — гэта працэс выбудоўваньня розных краінавых кааліцыяў. Яны па розных пытаньнях розныя. І трэба аказваць паслугі партнэрам у тых пытаньнях, якія для іх важныя, каб потым гэтыя партнэры аказалі паслугу табе ў тых пытаньнях, якія важныя табе.
Літва зыходзіць з таго, што гэтае пытаньне для яе прынцыпова важнае.
І ёй пакуль што пойдуць на саступкі. Каб атрымаць у нейкі будучы момант падтрымку ад яе.

Магчыма, Вільня і памыляецца. Такое ўжо было. Праўда даўно, гадоў 10 таму. Тады Польшча і Літва спрабавалі блякаваць пачатак перамоваў пра новае рамачнае пагадненьне паміж ЭЗ і Расеяй. Пэўны час яны гэта рабілі дастаткова пасьпяхова.

Для Літвы пачатак працы Беларускай АЭС стане рэччу настолькі балючай, што яна будзе спрабаваць адцягнуць гэты момант наколькі гэта магчыма. А калі не атрымаецца, то будзе атрымліваць палітычныя дывідэнды іншым спосабам, робячы немагчымым падпісаньне новага рамачнага пагадненьня паміж Менскам і Брусэлям.

— Вось як раз наконт гэтага рамачнага пагадненьня. Пэўны час таму эўракамісар Ёганэс Ган заявіў, што Эўразьвяз не ўхваліць адпаведнае пагадненьне з Беларусьсю, пакуль занепакоенасьць Літвы з прычыны Беларускай АЭС ня будзе зьнятая. Фактычна было сказана, што падпісаньне пагадненьня залежыць ад пазыцыі Літвы.
Ці азначае гэта, што Літва перамагла, што ЭЗ устаў на бок Літвы?

Аляксандар Лукашэнка і эўракамісар Ёганэс Ган, Менск, 21 чэрвеня 2018
Аляксандар Лукашэнка і эўракамісар Ёганэс Ган, Менск, 21 чэрвеня 2018

— Гэта рэч часовая. Сказаць, што Літва перамагла, падвесьці рысу і ўпісаць гэта ў аналы гісторыі яшчэ рана. Я мяркую, што працэс будзе працягвацца.

Але справа ў тым, што ў іншых краінаў ЭЗ няма надта вялікай палітычнай волі і жаданьня ісьці на канфлікт з Літвой дзеля пагадненьня з Беларусьсю. Момант у пэўным сэнсе страчаны.

Збліжэньне паміж ЭЗ і Беларусьсю ідзе ўжо амаль 5 гадоў. А нечага ўвесь час не хапае. Усё абмяжоўваецца дыпляматычнымі рэвэрансамі і шматлюднымі канфэрэнцыямі па бясьпецы.

У свой час рашэньне было прынятае па геапалітычных меркаваньнях.
Тое рашэньне было прынятае ад безвыходнасьці, бо папярэдняя палітыка лічылася няправільнай. Яно было прынятае да пэўнай ступені насустрач розным бізнэс-інтарэсам, у тым ліку і некаторых краінаў Балтыі.

Але атрымалася, што за 5 гадоў эканамічная прывабнасьць Беларусі як мінімум не павялічылася. Бо ніякіх рэформаў па вялікім рахунку няма.

Парлямэнцкія выбары, якія толькі што адбыліся, прадэманстравалі цану рыторыкі наконт таго, што ў выніку ўзаемнага збліжэньня Беларусь будзе адкрывацца і можна разьлічваць на ўнутраную лібэралізацыю. Гэтага таксама няма.

І атрымліваецца, што лябістаў у збліжэньня з афіцыйным Менскам вельмі няшмат. І ў гэтай сытуацыі, калі лябістаў збліжэньня няма, а праціўнікі ёсьць, у праціўнікаў зьяўляецца шанец.

— Наколькі для ЭЗ характэрная сытуацыя, калі фактычна адна краіна дыктуе ўсім іншым палітыку па нейкім пытаньні?

— Такія сытуацыі нехарактэрныя, гэта хутчэй выключэньне. Але гэта і не сытуацыя, якая ня мае прэцэдэнтаў. Нядаўні прыклад — блякаваньне Грэцыяй шляху ў ЭЗ і NATO краіны, якая называлася Макэдонія.
Пакуль не быў дасягнуты кампраміс, пакуль Макэдонія не пераіменавалася ў Паўночную Макэдонію, нічога ЭЗ з гэтым зрабіць ня мог. Вось там канкрэтна каса на камень трапіла.

Пратэст супраць зьмены назвы краіны на Паўночную Макэдонію, Скоп'е, 23 чэрвеня 2018
Пратэст супраць зьмены назвы краіны на Паўночную Макэдонію, Скоп'е, 23 чэрвеня 2018

Стасункі Беларусі і Літвы ў сувязі з АЭС яшчэ не дасягнулі той вастрыні, якая была на Бальканах.
Гэта выпадак рэдкі, гэта выпадак, які ніхто ня любіць. Але не беспрэцэдэнтны.

— Была інфармацыя пра тое, што ў Латвіі ёсьць пляны транзытаваць электраэнэргію з Беларусі, з Беларускай АЭС. ЭЗ гатовы падтрымаць Літву ў пытаньні рамачнага пагадненьня з Беларусьсю. А ладзіць электрычную блякаду Беларусі за АЭС ён гатовы?

— У ЭЗ, як мне здаецца, няма кампэтэнцыі забараніць пакупку і транзыт электрычнасьці з Беларусі. Важна, каб гэта не супярэчыла эўрапейскаму заканадаўству. Але калі б супярэчыла, то ў Латвіі б нават не разглядалі такія пляны.
У ЭЗ калі нешта не адпавядае рэгулятарным устаноўкам, гэта ня можа быць зроблена. Але калі не супярэчыць — гэта робіцца.

— Наколькі вялікі шанец, што суседзі Беларусі — Латвія і Польшча — падтрымаюць Літву ня толькі на ўзроўні дэклярацыяў, але і практычна і заявяць, што ня будуць купляць электрычнасьць у Беларусі?

— Цяжка сказаць. Гэта будзе залежыць ад фактараў як эканамічных, гэтак і ад двухбаковых адносінаў. Польшча спытае сябе, ці патрэбная ёй беларуская электраэнэргія. Калі патрэбная, то палякі будуць узважваць, што ім важней — разьвіцьцё стасункаў з Літвой ці танная электраэнэргія. Я не бяруся сказаць, якім будзе адказ.

Пакуль я ня бачу адзінага фронту, пастаноўкі на палітычным узроўні пытаньня пра электрычную блякаду. Але я не бачу і лябіяваньня, маўляў, мала што Літве не падабаецца, гэта ж танная энэргія, давайце ўсе будзем яе купляць. Такога таксама няма.

Эўропа зьмянілася за апошнія 10 гадоў, асабліва за апошнія 5 гадоў — пасьля Крыму. Чыньнікі нацыянальнай бясьпекі сталі вельмі важкімі, не грошы зараз вырашаюць усё. І неабавязкова самыя выгадныя эканамічна прапановы прымаюцца.

Але гібрыднасьць цяперашняга становішча прыводзіць да таго, што і чыньнікі нацыянальнай бясьпекі не зьяўляюцца вырашальнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG