Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН паведамілі пра зьніжэньне захворваньня і сьмяротнасьці ад ВІЧ-інфэкцыі


Ілюстрацыйнае фота

Летась ад СНІДу ў сьвеце памерлі каля 770 тысяч чалавек. Аднак сьмяротнасьць ад хваробаў, выкліканых СНІДам, скарацілася ў параўнаньні з 2004 годам напалову.

Паводле зьвестак, апублікаваных у аўторак ААН, узровень захворваньня і сьмяротнасьці, зьвязаных зь вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) і выкліканага гэтым вірусам сындрому набытага імуннага дэфіцыту (СНІД), зьніжаецца ўва ўсім сьвеце, аднак новыя выпадкі інфікаваньня ў групах рызыкі па-ранейшаму нясуць пагрозу, піша «Голас Амэрыкі».

У справаздачы, якую апублікавала Аб’яднаная праграма ААН у пытаньнях ВІЧ / СНІД (UNAIDS) напярэдадні Сусьветнага дня СНІДу (адзначаецца 1 сьнежня), гаворыцца, што цяпер у сьвеце жывуць амаль 38 мільёнаў чалавек, заражаных ВІЧ-інфэкцыяй — вірусам, які патэнцыйна можа прывесьці да СНІДу і сьмяротнага зыходу.

Пры гэтым больш за 24 мільёны пацыентаў атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, з дапамогай якой людзям удаецца пасьпяхова кантраляваць вірус і весьці звычайны лад жыцьця. Людзей, якія праходзяць тэрапію, значна пабольшала ў параўнаньні з 2010 годам, калі ўва ўсім сьвеце лекі атрымлівалі толькі каля 7 мільёнаў чалавек.

Паводле UNAIDS, каля 8 мільёнаў жыхароў Зямлі ня ведаюць, што яны заражаныя ВІЧ-інфэкцыяй. Сьмяротнасьць ад хваробаў, выкліканых СНІДам, скарацілася ў параўнаньні з 2004 годам напалову. Летась ахвярамі віруса сталі каля 770 тысяч чалавек.

Як кажа Нінан Варугезэ, дырэктар нью-ёрскага прадстаўніцтва UNAIDS, асноўныя дасягненьні ў барацьбе з ВІЧ адзначаныя ў краінах Усходняй і Паўднёвай Афрыкі, аднак, да прыкладу, ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі тэмпы захворваньня не зьмяншаюцца.

Больш як палова новых выпадкаў інфікаваньня адзначаецца ў групах высокай рызыкі. Паводле Варугезэ, рызыка інфікаваньня ў 22 разы вышэйшая сярод геяў і спажыўцоў іньекцыйных наркотыкаў, у 21 раз вышэйшая сярод работнікаў сэкс-індустрыі і ў 12 разоў вышэйшая сярод трансгендэраў ў параўнаньні з грамадзтвам у цэлым.

Паводле ацэнак UNAIDS, у 2020 годзе на барацьбу з ВІЧ ува ўсім сьвеце спатрэбіцца больш за 26 мільярдаў даляраў.

Па стане на 1 кастрычніка ў Беларусі крыху больш за 21,5 тысячы людзей са станоўчым ВІЧ-статусам. За студзень-верасень 2019 году зарэгістраваны 1591 новы выпадак ВІЧ-інфэкцыі, і гэты паказьнік зьнізіўся на на 9,7% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG