Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керчанскі мост спыніў будаўніцтва ўсіх мастоў на тэрыторыі Расеі, — маскоўскі экспэрт


Керчанскі мост
Керчанскі мост

Украінская служба Радыё Свабода зладзіла дыскусію на тэму сацыяльна-эканамічных і вайсковых наступстваў расейскай акупацыі Крыму.

У ёй узялі ўдзел намесьніца пастаяннага прадстаўніка прэзыдэнта Ўкраіны ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым Таміла Ташава, украінскі экспэрт у пытаньнях бясьпекі Аляксандар Мусіенка і расейскі аналітык, філёзаф, гісторык Ігар Чубайс.

Аляксандар Мусіенка падкрэсьліў, што анэксія Крыму і іншыя агрэсіўныя войны Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку ў Сырыі, — частка геапалітычнай стратэгіі Масквы, скіраванай на выхад да «цёплых мораў» і замацаваньне ў Міжземным моры. У выніку мілітарызуецца прычарнаморскі рэгіён у цэлым. Усё залежыць ад таго, як будзе дзейнічаць Захад і як далёка ён дазволіць зайсьці Расеі, а таксама ад нарошчваньня вайсковага патэнцыялу Ўкраіны (вайсковыя навучаньні, ракетная праграма).

Таміла Ташава зазначыла, што з гуманітарнага гледзішча сытуацыя ў Крыме пагаршаецца. Прынамсі 15 чалавек выкрадзеныя, 63 увязьненыя з палітычных матываў. Міжнародны суд ААН прызнаў юрыдычную адказнасьць РФ у Крыме і акупаванай частцы Данбасу, а значыць, суд можа разглядаць пазовы Ўкраіны супраць Расеі па фактах злачынстваў на гэтых тэрыторыях.

Ігар Чубайс сказаў, што «ўзьяднаньне» Крыму не палепшыла карціну расейскіх рэаліяў, наадварот, эканамічна яно абыходзіцца вельмі дорага. Штогадовыя датацыі, якія ідуць у Крым, параўнальныя з выдаткамі міністэрства аховы здароўя Расеі.

Будаўніцтва Керчанскага мосту прывяло да таго, што будаўніцтва ўсіх мастоў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі прыпынена. Пачалі будаваць мост церазь Лену на Якуцк і кінулі на паўдарозе, будаўніцтва мосту на Сахалін чакаюць ужо сто гадоў. Пры гэтым экспэрты даказваюць, што Керчанскі мост больш за 10 гадоў не прастаіць, бо перад пачаткам будаўніцтва памянялі дзяржаўныя стандарты. Пáлі там упіраюцца ў плывучую гліну, а не ў граніт. Яны даўжынёю 85 мэтраў, а мусілі б быць 115 мэтраў, але на іх «зэканомілі».

Ігар Чубайс лічыць, што далучэньне Крыму нічога не дало Расеі, апрача ўзмацненьня рэжыму асабістай улады Пуціна, і зроблена яно было для нанясеньня ўдару па Ўкраіне, якая пайшла шляхам сьцьверджаньня праўнай дэмакратычнай дзяржавы і збліжэньня з эўрапейскай цывілізацыяй. Чубайс таксама нагадаў, што некалі Першую ўсясьветную вайну пачала Нямеччына, але пацярпела паразу і сплочвала належныя кантрыбуцыі да 2010 году.

Аўтаномная Рэспубліка Крым і горад Севастопаль, часткі сувэрэннай Украіны, акупаваныя расейскімі войскамі ў лютым 2014 году і анэксаваныя расейскай Фэдэрацыяй. Генэральная асамблея ААН і бальшыня дзяржаваў сьвету не прызнаюць анэксіі. Паводле ўкраінскага заканадаўства тэрыторыя паўвострава лічыцца часова акупаванай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG