Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Знайшлі ў торбе пакецік з наркатычным рэчывам». Затрыманы вядомы журналіст Уладзімер Чудзянцоў

абноўлена

Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота
Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА Берасьця. Інфармацыю пра затрыманьне Чудзянцова Свабодзе пацьвердзіла яго маці.

Інфармацыя пра магчымае затрыманьне Ўладзімера Чудзянцова зьявілася днём 22 лістапада. Пра гэта напісаў у сацсетках яго знаёмы Раман Пратасевіч. Паводле папярэдняй інфармацыі, Чудзянцоў ехаў у Польшчу і быў затрыманы ў цягніку Берасьце — Варшава.

Удзень 22 лістапада ў міліцыі Берасьця Свабодзе пацьвердзілі, што журналіст Уладзімер Чудзянцоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага раёну. Прычыны затрыманьня журналіста там не паведамілі.

Як стала вядома Свабодзе ад маці затрыманага журналіста, у рэчах Уладзімера Чудзянцова мытнікі знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Пазьней ператрус прайшоў у кватэры Чудзянцова ў Менску, дзе ён жыве разам з маці.

«Валодзя ехаў у цягніку і выйшаў у прыбіральню, у гэты час у яго ў сумцы знайшлі мытнікі пакецік з рэчывам, мне сказалі, што там былі наркотыкі, — расказвае маці журналіста. — Яго затрымалі, цяпер сын у СІЗА ў Берасьці. Пасьля адразу правялі ператрусы ў нас дома ў Менску. Тут таксама знайшлі некалькі пакетаў. Прычым у такіх месцах, што я ніколі не магла б падумаць, што там можа нешта быць. Падымалі мэблю, перасоўвалі. Я ня веру, што Валодзя мае да гэтага дачыненьне, што гэта ягоныя пакеты былі».

Маці Ўладзімера Чудзянцова Ніна Зуева дадала, што пакуль ня мела магчымасьці паразмаўляць з сынам асабіста.

Стваральнік Telegram-канала NEXTA Сьцяпан Пуціла пракамэнтаваў чуткі пра тое, што Чудзянцоў нібыта быў адным са стваральнікаў фільму «Крымінальныя матэрыялы» пра Аляксандра Лукашэнку, які набраў каля 2 мільёнаў праглядаў на Youtube.

«Пра гэтыя чуткі трэба пытаць у тых, хто гэтыя чуткі актыўна распаўсюджвае. З Уладзімерам я сапраўды час ад часу камунікаваў, раіўся па некаторых пытаньнях. Магчыма, адсюль гэтыя плёткі. Але з каналам гэта ніяк не зьвязана. Было б вельмі недарэчна давяраць удзел у такім праекце чалавеку, які пастаянна жыве ў Беларусі, да якога могуць у любы час прыйсьці з вобшукам ці беспадстаўна затрымаць — як гэта і адбылося ўчора. Наколькі я ведаю, нядаўна ён знайшоў працу ў Польшчы ды плянаваў пакінуць Беларусь», — сказаў Пуціла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG