Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Вашынгтон не дамагаецца ад Менску абмежаваньня супрацы з Масквой


Алег Краўчанка, архіўнае фота

ЗША не спрабуюць дамагацца ад Беларусі абмежаваньня супрацоўніцтва з Расеяй. Пра гэта ў інтэрвію ТАСС паведаміў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які цяпер знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне.

Ён адмоўна адказаў на пытаньне пра тое, ці робіць Вашынгтон спробы абумовіць нармалізацыю беларуска-амэрыканскіх адносінаў якім-небудзь абмежаваньнем узаемадзеяньня Менску з Масквой.

«Абсалютна не. Ніколі такога не гучала, ні раней, ні цяпер. Сапраўды гэтага абсалютна няма. Я проста ніколі з гэтым не сутыкаўся», — сказаў Краўчанка.

Як ён нагадаў, тэму ўзаемадзеяньня Беларусі і Расеі ў кантэксьце адносінаў Менску і Вашынгтону закранаў адносна нядаўна і Джон Болтан, калі быў памочнікам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы і наведваў Менск у жніўні 2019 году. Паводле Краўчанкі, прыкладна ў тым жа ключы пра гэта публічна выказаўся намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент на канфэрэнцыі па беларуска-амэрыканскіх адносінах у Вашынгтоне 21 лістапада.

«Пытаньні адносінаў Беларусі з Расеяй — гэта справа Беларусі, — падкрэсьліў намесьнік кіраўніка МЗС. — І я, мяркуючы па тым, што бачу ў нашых абмеркаваньнях з амэрыканцамі, сапраўды магу пацьвердзіць, што нейкіх заклікаў ці ж чаканьняў з боку ЗША ў дачыненьні да нашага (расейска-беларускага. — рэд.) узаемадзеяньня фактычна не існуе».

Паводле Краўчанкі, службовыя асобы ЗША працягваюць паўтараць, што «любое рашэньне могуць успрыняць, што гэта рашэньне павінна быць дэмакратычным, гэта наша справа», яны «разумеюць гістарычны, аб’ектыўны характар узаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Расеяй» і гэта супрацоўніцтва ніколі не выклікала нейкага асуджэньня і не было элемэнтам перамоваў Беларусі з ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG