Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр магілёвец Уладзімер Вільчык, які 60 гадоў слухаў беларускую Свабоду


Уладзімер Вільчык

У Магілёве на 80-м годзе памёр даўні слухач Радыё Свабода Ўладзімер Вільчык. Зь беларускай Свабодай ён не расставаўся амаль 60 гадоў. Штодня шукаў яе перадачы на сваім старэнькім прымачы VEF-202.

«Бяз Радыё Свабода, — казаў ён, — я быў бы нібыта ў калодзежы».

Уладзімер Вільчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1940 году ў Воршы. З маленства меў праблемы са зрокам. У яго адслойвалася сеткавіца. У 1975 годзе ён цяжка перанёс сьмерць жонкі, што прывяло да канчатковай сьлепаты.

Да выхаду на пэнсію працаваў на прадпрыемстве Таварыства інвалідаў па зроку «Ціфлос». Адзін выгадаваў сына.

Беларускую Свабоду знайшоў у эфіры на пачатку 1960-х гадоў. З таго часу зь ёю не разьвітваўся. Быў прынцыпова беларускамоўным і цяжка перажываў, што беларусы выракліся сваёй нацыянальнай мовы. У гэтым бачыў карані праблемаў цяперашняй Беларусі.

Прымач, на якім Уладзімер Вільчык слухаў беларускую Свабоду
Прымач, на якім Уладзімер Вільчык слухаў беларускую Свабоду

«Зьнішчана самае галоўнае ў 1995 годзе, калі прыдумалі злачынны рэфэрэндум, каб расейскую мову дзяржаўнай зрабіць, — казаў у інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Ігнацьевіч. — Усе беды ад гэтага пачаліся і будуць, бо ўсе людзі сталі русыфікатарамі. Я так думаю, што й Гасподзь карае нас, жабракоў. Ніхто нам не дапаможа, толькі мы сваёй рукой можам адрадзіць і збудаваць Беларусь. Зьмены будуць, абавязкова будуць».

Памёр Уладзімер Вільчык 20 лістапада. Блізу месяца таму ў яго здарыўся інсульт. Сканаў у бальніцы. Родныя пахаваюць яго 22 лістапада на Паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG