Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далей спэцшкола». Камісія райвыканкаму апошні раз папярэдзіла непаўналетняга абаронцу Курапат


Варта ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим»
Варта ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим»

Камісія па справах непаўналетніх пры адміністрацыі Маскоўскага райвыканкаму Менску вынесла папярэджаньне Іларыёну Т., непаўналетняму актывісту, які рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях апазыцыі і пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапат.

Тыдзень таму Іларыён Т. ужо атрымаў папярэджаньне за ўдзел у сустрэчы з выбарцамі, якая прайшла 6 кастрычніка на плошчы Свабоды. Сёньня, 21 лістапада, камісія прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве падчас падзей 3 лістапада ў Курапатах і зноў папярэдзіла.

«Сказалі, гэта апошняе папярэджаньне па артыкуле 17.1 — за дробнае хуліганства. Яшчэ адно такое — і накіруюць ў спэцыяльную школу закрытага тыпу», — кажа хлопец.

3 лістапада пасьля шэсьця на Дзяды ў Курапаты група актывістаў пайшла да ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим». Паводле аднаго з актывістаў, на той момант кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Казакевіча, ішлі, каб там правесьці сустрэчу з выбарцамі. Ахоўнікі рэстарацыі спрабавалі не прапусьціць актывістаў на тэрыторыю, узьнік канфлікт. Выкліканыя адміністрацыяй установы міліцыянты затрымалі 6 актывістаў, у тым ліку і непаўналетняга Іларыёна Т., які ў выніку атрымаў траўму нагі. Увечары таго ж дня хлопца адпусьцілі з пастарунку.

«На відэа інцыдэнту відаць, што парушэньняў з майго боку не было, а адміністрацыя сама справакавала бойку. У рапарце пра мяне міліцыянт зазначыў, што я нібыта сам валіўся на зямлю падчас бойкі і ад гэтага ўтварыўся ўшыб нагі. Але гэта няпраўда. Мая траўма цалкам на сумленьні амапаўцаў у цывільным, якія зьбівалі нас пасьля затрыманьня ў бусіку. Ды яшчэ і зьдзекаваліся маральна. Буду падаваць на іх скаргу ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт», — сказаў пра рашэньне камісіі Іларыён Т.

Раней 5 актывістаў за інцыдэнт каля рэстарацыі ў Курапатах былі пакараныя вялікімі штрафамі. Дзяніс Урбановіч атрымаў 1657,5 рубля штрафу, актывісты Валер Рабцаў і Віталь Трыгубаў — па 1020 рублёў, Максім Урбановіч і Зьміцер Казакевіч — па 510 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG