Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынца будуць судзіць за менскую акцыю з патрабаваньнем свабодных выбараў


Павал Севярынец

У Цэнтральнай раённай управе міліцыі Менску склалі адміністратыўны пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.

Актывіст паведаміў Свабодзе, што пратакол на яго складзены паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу — за парушэньне парадку правядзеньня масавых акцыяў.

«Гэта за 16 лістапада, за ўдзел у акцыі „Сустрэча свабодных людзей — 2“. Адправілі пратакол у суд і сказалі чакаць позвы», — паведаміў Павал Севярынец.

Акцыя «Сустрэча свабодных людзей-2» прайшла ў Менску ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня. Акцыю ініцыявалі партыя «Народная грамада» Мікалая Статкевіча і «Эўрапейская Беларусь», у акцыі бралі ўдзел больш за 100 чалавек. Пасьля сустрэчы на плошчы Свабоды адбылося шэсьце ўдзельнікаў акцыі праспэктам Незалежнасьці да Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе некалькі кандыдатаў у дэпутаты і спалілі на знак пратэсту свае пасьведчаньні.

Пра затрыманьні падчас акцыі не паведамлялі, але без інцыдэнтаў не абышлося: невядомыя асобы ў цывільным спрабавалі пашкодзіць гукаўзмацняльнік і вырваць расьцяжку са словамі «А кароль жа голы». Удалося толькі адабраць у адной з удзельніц шэсьця фаер.

Калі над ім адбудзецца суд, Павал Севярынец яшчэ ня ведае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG