Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На слуханьнях па імпічмэнце пасол ЗША ў Эўразьвязе даў паказаньні супраць асабістага адваката прэзыдэнта Трампа


Гордан Сондлэнд, пасол ЗША ў ЭЗ, дае паказаньні ў кангрэсе на слуханьнях па імпічмэнту

20 лістапада, у чацьвёрты дзень слуханьняў па імпічмэнце прэзыдэнта Дональда Трампа у Кангрэсе з паказаньнямі выступаў пасол ЗША ў Эўразьвязе Гордан Сондлэнд.

Многія папярэднія сьведкі спасылаліся на словы і паведамленьні Сондлэнда.

На нашым сайце вялася прамая трансьляцыя са слуханьняў. Прапануем вам кароткае выкладаньне асноўных тэзаў выступу Сондлэнда, зробленае «Голасам Амэрыкі».

Відэатрансьляцыя тэлеканалу «Настоящее время» зь перакладу на расейскую:

Поўная відэатрансьляцыя па-ангельску:

— «Мы былі ўражаныя імкненьнем прэзыдэнта [Ўкраіны Ўладзіміра] Зяленскага ўмацаваць адносіны з ЗША. І мы таксама былі ўражаныя імкненьнем Украіны пакончыць з карупцыяй. Украіна крытычна важная для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе. Нашыя намаганьні па стрымліваньні расейскай агрэсіі шмат у чым залежаць ад Украіны»

— Сондленд пацьвердзіў наяўнасьць зьдзелкі з Украінай: выкарыстаньне прынцыпу quid pro quo ( «паслуга за паслугу») — візыт Зяленскага ў Вашынгтон у абмен на пачатак расьсьледаваньня ў дачыненьні да Байдэна

— Сондлэнд зьвяртаўся ў Белы дом з просьбай выказаць падтрымку Ўкраіне. Паводле яго прэзыдэнт Трамп выказаў скептыцызм і нават сказаў, што Ўкраіна спрабавала перашкодзіць яму на мінулых выбарах

— «Джуліяні патрабаваў, каб кіраўніцтва Ўкраіны публічна заявіла аб пачатку расьсьледаваньня аб умяшаньні ў выбары 2016 года і кампаніі "Бурысма" (зь якой зьвязаны Гантэр Байдэн, сын колішняга віцэ-прэзыдэнта ЗША, цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты Джо Байдэна — РС)».

— «Міністар энэргетыкі Пэры, былы адмысловы прадстаўнік ЗША ва Ўкраіне Волкер і я працавалі са спадаром Джуліяні па пытаньнях Украіны па прамым указаньні прэзыдэнта Трампа. Мы не хацелі супрацоўнічаць з спадаром Джуліяні, проста мы гулялі ў тую гульню, якую нам накінулі».

— Сондлэнд паведаміў, што інфармаваў віцэ-прэзыдэнта ЗША Майка Пэнса аб затрымцы з наданьнем дапамогі Ўкраіне і што гэта зьвязана з пытаньнем пра расьсьледаваньне

— Сондлэнд пацьвердзіў, што ўмовай сустрэчы Трампа і Зяленскага была заява Зяленскага, што Ўкраіна пачынае расьследаваньне справаў кампаніі, да якой меў дачыненьне Байдэн. Паводле Сондлэнда пра гэта ведалі дзяржсакратар Майк Пампэо і выканаўца абавязкаў кіраўніка апарату Белага дому Мік Малвэні.

— «Затрымка з прадастаўленьнем вайсковай дапамогі Ўкраіне была памылкай».

— «Прэзыдэнт Трамп ніколі наўпрост не казаў мне, што ўмовай наданьня вайсковай дапамогі Ўкраіне зьяўляецца публічная заява аб пачатку расьсьледаваньня ў дачыненьні да кампаніі «Бурысма».

«Голас Амэрыкі» адзначае, што Сондлэнд перагледзеў свае папярэднія паказаньні (зь якімі ён выступіў на закрытых слуханьнях), заявіўшы, што існуе сувязь паміж утрыманьнем 391 мільёна даляраў, вылучаных на дапамогу Ўкраіне, і расьсьледаваньнямі, у якіх быў зацікаўлены Трамп.

У кастрычніку Сондлэнд даў паказаньні, згодна зь якімі яму не былі вядомыя нейкія ўмовы аказаньня дапамогі.

Аднак 4 лістапада пасол ЗША ў ЭЗ накіраваў у камітэт Кангрэсу дадатак, у якім гаворыцца, што заявы іншых сьведак асьвяжылі яго памяць пра некаторыя размовы, якія мелі месца з пачатку верасьня. У сваіх перагледжаных паказаньнях Сондлэнд адзначыў, што цяпер ён прыгадаў, як казаў памочніку ўкраінскага прэзыдэнта, што Злучаныя Штаты, хутчэй за ўсё, не накіруюць Украіне вайсковую дапамогу, пакуль Украіна не пагодзіцца расьсьледаваць справу кампаніі «Бурысма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG