Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня хочам быць рабамі». Моладзь зладзіла пікет на Зыбіцкай


У Менску на вуліцы Зыбіцкай прайшоў апошні перадвыбарчы пікет моладзевага блёку. На яго сабраліся каля ста чалавек, сярод іх кандыдаты ў дэпутаты.

Пікетоўцы трымалі плякаты «Адтэрміноўку ў растэрміноўку», «328. Няма справы, мы падкінем», «Забараняць забаронена», «Разьмеркаваньне гэта рабства 21 стагодзьдзя», «Балёнскі працэс» і іншыя. Яны трымалі бел -зялёна — белы сьцяг, выкрыквалі «Падатак на паветра», «Падатак на падатак» і іншыя лёзунгі.

Сябры моладзевага блёку выступаюць супраць закону аб адтэрміноўках, за перагляд наркатычнага 328-га артыкулу, які на іх думку надта жорсткі, і адмену неэфэктыўнага разьмеркаваньня.

Пасьля выступаў удзельнікаў пікету пачаўся канцэрт. Удзельнікі акцыі вырашылі не ісьці на плошчу Свабоды, дзе адбываўся сход свабодных людзей з удзелам Міколы Статкевіча, кандыдаткі ў дэпутаты Алены Талстой.

«Гэта месца моладзі, Зыбіцкая вуліца. І ў нас крыху разыходзяцца погляды. Там погляды больш радыкальныя, супраць усёй сыстэмы. А мы выбралі тры асноўныя праблемы, якія нас хвалююць. І нас натхняе, што людзі прыйшлі сюды», — сказаў адзін з удзельнікаў.

Выступоўцы крытычна выказаліся пра загон студэнтаў на выбары і казалі, што яны не прафэсійныя палітыкі.

«Тыя хто тут сабраўся хутчэй за ўсё не зьбіраюцца звальваць адсюль у бліжэйшы час. Мы тут сабраліся, бо хочам жыць у гэтай краіне, будаваць яе і нешта вырашаць, каб тут пыталіся нашае меркаваньне. Проста прэ ад усёй гэтай сытуацыі і ад гэтых выбараў», — сказаў кандыдат у дэпутаты Стас Шашок.

«Трэба нешта рабіць з дэпутатамі і парлямэнтам, інакш яны напрымаюць законаў супраць моладзі», — сказаў Стас Шашок.

«Мы ня хочам быць рабамі. Мы прыходзім на пікет не за шакалядку, а за ідэю. Мы хочам пабудаваць цудоўную Беларусь будучыні» — казаў адзін з удзельнікаў.

«Я люблю сваю краіну, але ненавіджу тых людзей, якія ціснуць на нас сваімі законамі і выціскаюць нас з краіны», — сказаў кандыдат у дэпутаты Аляксей Лазараў, якога 25 лістапада забіраюць у войска.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG