Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка ў дэпутаты кажа, што міліцыя зьбіла яе давераных асобаў


Пікет у Гомлі, на які не даехаў кандыдат у дэпутаты Юры Ганцэвіч

У Гомлі 15 лістапада праходзіў пікет васьмі кандыдатаў у дэпутаты. На ім мусіў прысутнічаць кандыдат-фэрмэр Юры Ганцэвіч. Яго да пачатку пікету затрымалі супрацоўнікі ДАІ.

На месца канфлікту прыехалі давераныя асобы іншай кандыдаткі — Алены Давыдавай. «Іх супрацоўнікі ДАІ затрымалі, зьбілі, і завезьлі ў Сьледчы камітэт — бяз дай прычыны!», — паведаміла Свабодзе кандыдатка.

Вядома, што Юрыя Ганцэвіча завезьлі ў аддзел ДАІ. «Прычапіліся да трактара, да прычэпа. Апячаталі яго», — кажа сам кандыдат.

На месца канфлікту прыехалі Аляксей Елісееў, Юры Ўласаў, Аляксандар Кобец і яшчэ адзін невядомы пакуль чалавек. Іх усіх чатырох брутальна затрымалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыі, калі яны пачалі задаваць пытаньні наконт спыненьня Юрыя Ганцэвіча.

«Мы проста спыталіся — што за сваволя такая? Чаму кандыдата ў дэпутаты затрымалі? У выніку затрымалі нас, павезьлі ў Сьледчы камітэт. На ўсіх спачатку надзелі кайданкі, паклалі "тварам у зямлю", зьбілі. Юры Ўласаў атрымаў па твары моцна», — распавёў Аляксандар Кобец.

Паводле яго, супрацоўнікі ДАІ пагражалі скласьці пратакол, што яны нібыта выходзілі на праезную частку. У Сьледчым камітэце ў затрыманых узялі тлумачэньні, і па стане на 22.40 пачалі адпускаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG