Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўсьвядомленая неабходнасьць». Румас паабяцаў адкрыцьцё рынкаў і абарону канкурэнцыі


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Адыход ад бар’ераў і залішняга рэгуляваньня будуць прыярытэтамі праграмы разьвіцьця канкурэнцыі, якая цяпер рыхтуецца ў Беларусі, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас. Паводле яго, цяпер заканчваецца распрацоўка праграмы на сярэднетэрміновы пэрыяд, піша БелТА.

На думку кіраўніка ўраду Беларусі, дзяржаўная палітыка ў сфэры канкурэнцыі павінна ўключаць два асноўныя напрамкі:

  • адкрыцьцё рынкаў і зьніжэньне долі дзяржавы там, дзе гэта эканамічна мэтазгодна і не супярэчыць эканамічнай бясьпецы (што павінна суправаджацца адпаведным зьніжэньнем бар’ераў для бізнэсу),
  • абарона канкурэнцыі ўсімі дзяржаўнымі органамі.

«Разьвіцьцё канкурэнцыі пачалі разглядаць як вэктар дзяржаўнай палітыкі і адначасова ўсьвядомленую неабходнасьць, а антыманапольны орган стаў адным з ключавых інструмэнтаў рынкавага рэгуляваньня і кантролю», — сказаў Румас.

У 2018 годзе ў новай рэдакцыі быў прыняты закон аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі. Як адзначыў прэм’ер-міністар, пры ўдзеле Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) распрацавалі шэраг нарматыўных актаў для лібэралізацыі ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, у тым ліку створаны дадатковыя магчымасьці для разьвіцьця гандлю на вёсцы, удасканальваецца заканадаўства ў сфэры дзяржаўных закупак.

Цяпер МАРГ працуе над зьмяненьнем закону аб дзяржаўным рэгуляваньні гандлю, а таксама над праектам указу аб супрацьдзеяньні манапалізацыі ў галіне гандлю.

Цяпер сярод іх прыярытэтаў разьвіцьця канкурэнтнай палітыкі ў Беларусі, паводле Румаса, паляпшэньне канкурэнтнага асяродзьдзя за кошт скарачэньня неабгрунтаваных бар’ераў, стварэньне мэханізмаў прадухіленьня залішняга рэгуляваньня, разьвіцьцё інфраструктуры і забесьпячэньне яе даступнасьці для ўдзельнікаў рынку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG