Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы хочаце, каб яны адразу нараджаліся вамі?» Ганна Севярынец бароніць моладзь, якая пайшла да Цімаці


Ганна Севярынец

От вы паглядзелі б калі на сябе збоку, дарослыя людзі з фэйсбукаў.

Пайшлі дзеці паглядзець на Цімаці (ці вы папраўдзе думаеце, што яны ішлі есьці бургеры?). Нікога не чапалі, нічога нікому не абяцалі, проста пайшлі тусануць на сьвежым паветры і паглядзець на рэпэра. А-а-а-а-а! Быдла! Галодныя! Тупыя! От мы ў іхныя гады на «Краму» і «Пінк Флойд» хадзілі, а яны!!!

Тады дзеці пайшлі на плошчу да Нехты (ці вы думаеце, яны туды ішлі за палітыкаў?). Не пабаяліся нічога, пабралі сьцягі, ушчаміліся паміж пікетамі бээрэсэмаў і прыйшлі паказаць, што яны ёсьць. А-а-а-а-а! Дурні! Кардонныя лялькі! Імі маніпулююць! Яны абалваненыя! От мы ў іхныя гады толькі за Пазьняком хадзілі, а яны!!!

Ня так даўна мая дачка-студэнтка пайшла з сябрамі на літаратурную імпрэзу. Імпрэза чамусьці была надта ўзроставая, маладых там не было зусім, акрамя вось гэтай студэнцкай кампаніі, і ўвесь час ці ня кожны выступовец бедаваў: аёй, чаму так мала моладзі, чаму яны нікуды не ходзяць, страчанае пакаленьне, для каго мы свабоду здабывалі. Потым пачаліся сьпевы, і дзеці пачалі ціхенька падцягваць са сваіх месцаў, бо сьпевы гэтыя яны ведалі, памерлага паэта, што словы напісаў, таксама, і ім хацелася падцягнуць. Дык з першых шэрагаў крэслаў пачалі абарочвацца тыя самыя выступоўцы, што так перажывалі праз адсутнасьць моладзі, шыкаць, цыкаць, і адзін нават запрапанаваў студэнтам выйсьці вон, калі яны ня ўмеюць сябе паводзіць.

Дык што вы ад іх хочаце, я ніяк не магу ўзяць у галаву.

Вы хочаце, каб яны былі моладзьдзю звонку — але старыкамі знутры? Каб сядзелі, склаўшы лапкі, на канапах, слухалі толькі тое, што вы лічыце нармальным, глядзелі на юцюбе аднаго Зянона Станіслававіча, клявалі насамі на вашых імпрэзах і крый божа не маглі мяўкнуць пад чужую гітару радок любімага паэта? Вы хочаце, каб яны адразу нараджаліся вамі? Менавіта вамі, такімі разумнымі, што з самага дзяцінства ведалі, каго правільнага глядзець, каго слухаць, дзе тусавацца і як пратэставаць?

Ці, можа, вы хочаце, каб яны наогул нікуды не хадзілі, каб бедаваньне вашае выглядала шчырым і горкім: моладзь прапала, пакаленьне страцілі, от мы былі, а за намі ўжо нікога няма, адна пустэча, да бургераў сквапная.

З усіх гэтых прыўкрасных падлеткаў і маладзёнаў, якія ходзяць туды-сюды няправільнымі сьцежкамі пад прыцэламі вашых стрымаў, ёсьць толькі адна, за якую сапраўды страшна. Толькі адна. Але нешта не чутно пра пэтыцыі ў яе адрас. Нешта не бачна пэдагогаў і выхавальнікаў, якія кінуліся б яе пераконваць.

А яна між тым прыйшла і стала пад чырвоным сьцягам на цэнтральнай плошчы сталіцы і сказала, гледзячы чыстымі вачыма ў камэру журналістаў: «А я лічу, што расстрэлы — гэта было правільна». Я вас запэўніваю: яна не хадзіла глядзець на Цімаці. Яна не цягнула сваёй ганарлівай рукі за бясплатным бургерам. Яна пасьмяялася з прапановы Нехты, і на плошчы яе таксама не было. І на вашых імпрэзах яна не падпявае песьням пад гітару.

Яна проста лічыць, што расстрэлы — гэта правільна.

Магчыма, пры гэтым яна адначасова слухае «Пінк Флойд».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG