Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра геяў выклікаў пратэсты ў Грузіі. І атрымаў узнагароду на «Лістападзе»


Прэтэсты каля Amirani Cinema ў Тбілісі 8 лістапада

Амаль тры дзясяткі чалавек былі затрыманыя ў Тбілісі і Батумі на акцыях пратэсту супраць паказу француска-швэдзка-грузінскага фільма «А потым мы танчылі».

У грузінскіх кінатэатрах упершыню паказалі нашумелы фільм швэдзкага рэжысэра грузінскага паходжаньня Левана Акіна.

Натоўп каля кінатэатру ў Тбілісі

Стужка прысьвечана гісторыі каханьня двух грузінскіх танцораў — выканаўцаў нацыянальных танцаў.

Ён вылучаны на «Оскара» і атрымлівае міжнародныя ўзнагароды на фэстывалях, але ў Грузіі, дзе разгортваецца сюжэт фільма, прэм’ера выклікала абурэньне кансэрватыўна настроенай часткі насельніцтва і праходзіла ў ачапленьні паліцыі, паведамляе ВВС.

«Мэраб зь юнацтва займаўся ў Нацыянальным грузінскім ансамблі са сваёй партнэркай па танцах Мары. Яго сьвет пераварочваецца з ног на галаву са зьяўленьнем харызматычнага і бестурботнага Іраклія, які становіцца яго наймацнейшым канкурэнтам і яго жаданьнем. У гэтай кансэрватыўнай абстаноўцы Мэраб разумее, што яму трэба стаць вольным, і рызыкуе ўсім », — гаворыцца ў анатацыі фільма.

Фільм сумеснай вытворчасьці Грузіі, Швэцыі і Францыі ўпершыню быў паказаны ў траўні ў праграме «Двухтыднёвіка рэжысэраў» — незалежнай сэкцыі Канскага кінафэстывалю. З тых часоў фільм атрымаў нямала пазытыўных водгукаў.

Выканаўца адной з галоўных роляў Леван Гелбахіані атрымаў узнагароды як лепшы актор на сараеўскім кінафэстывалі, на кінафэстывалях у Вальядоліцы, Адэсе.

А 8 лістапада фільм «А потым мы танчылі» атрымаў на Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» прыз за лепшую мужчынскую ролю, якую выканаў Леван Гелбахіані. І быў адным з фаварытаў глядацкага галасаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG