Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскіх лекараў абурыў спрошчаны прыём мэдыкаў зь Беларусі


Сядзіба Міністэрства аховы здароўя ў Варшаве

Польскія лекары абураныя законапраектам, які спрашчае правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу, у прыватнасьці зь Беларусі, піша Rzeczpospolita.

Паводле законапраекту, які ўжо паступіў у польскі парлямэнт, замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ — настрыфікацыю. Дазвол на працу будзе выдаваць канкрэтны польскі шпіталь пасьля праходжаньня лекарам іспыту на права прафэсійнай дзейнасьці ў Польшчы. Без пацьверджаньня дыплёма лекары змогуць атрымліваць дазвол на працу максымум на пяць гадоў у канкрэтнай мэдыцынскай установе.

Доктар Яраслаў Біліньскі, які кіраваў групай Міністэрства аховы здароўя па пытаньнях гэтага праекту закона, распавёў выданьню, што прапановы спрошчанага прыёму на працу лекараў з-за ўсходняй мяжы былі дадзеныя ў законапраект бязь ведама ягонай каманды.

«Гэта ўвядзеньне падвойных стандартаў. Лекары з-за межаў ЭЗ змогуць працаваць без надзейнай праверкі іх ведаў і правоў, якія зьяўляюцца абавязковымі для лекараў ЭЗ. У выніку прафэсію дактароў атрымаюць асобы, якія могуць выконваць яе без асаблівых высілкаў, — кажа Біліньскі.

Ён дадае, што ня мае нічога супраць лекараў зь Беларусі або Ўкраіны, але нагадвае, польскія лекары ніколі не карысталіся ільготамі за мяжой.

«Мой 30-гадовы калега зь Беларусі, які прайшоў працэс настрыфікацыі дыплёму, ужо некалькі гадоў працуе спэцыялістам. Для польскага хірурга — гэта немагчыма. А ўсё праз тое, што ў яго краіне вучоба пачынаецца раней, а спэцыялізацыя адбываецца на палову карацей. Ён добры лекар, але яго мэдычныя веды — меншыя».

Доктар Яраслаў Біліньскі хвалюецца, што новы закон правядзе да таго, што ў польскай службе ахове здароўя зьявіцца шмат кепска падрыхтаваных лекараў.

Rzeczpospolita аднак спасылаецца на экспэртаў, якія лічаць, што новыя правілы і так не прыцягнуць у краіну шмат ахвотных лекараў зь Беларусі. Выданьне нагадвае, што польскія заробкі ня вельмі прывабныя для беларускіх лекараў, а таксама спасылаецца на словы Аляксандар Лукашэнка, які анансаваў павелічэньне заробкаў для мэдыкаў у Беларусі.

Сёньня ў Польшчы працуе больш сотні лекараў, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі. Гэта, пераважна, эмігранты зь 1990-х, піша Rzeczpospolita.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG