Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў дэпутаты папярэдзілі за «Канапляныя дзяды»


Станіслаў Шашок

Кандыдату ў дэпутаты па менскай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99 Станіславу Шашку выбарчая камісія вынесла папярэджаньне за парушэньне парадку агітацыі падчас акцыі «Канапляныя дзяды», якая адбылася 2 лістапада, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Камісія Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99 прызнала, што мітынг «Памяці загінулых ад канабіса» (марыхуаны) на плошчы Аб’яднаных Нацый зьяўляўся перадвыбарчай агітацыяй.

Папярэджаньне кандыдату вынесьлі за тое, што

  • падчас пікету выкарыстоўваліся друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы без выпускных дадзеных,
  • гэтыя агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плякаты, улёткі і іншыя матэрыялы) былі выраблены не за кошт сродкаў уласных выбарчых фондаў (па стане на 2 лістапада фонд Шашка склаў 0 рублёў).

«Мэта гэтай акцыі — данесьці абсурднасьць і неэфэктыўнасьць дзейнай наркапалітыкі ў Беларусі і запатрабаваць новы парлямэнт прыняць тыя папраўкі ў заканадаўства, якія былі распрацаваныя ў межах «Маладзёжнага блёка», — адзначыў 2 лістапада Шашок.

Ён будзе абскарджваць рашэньне камісіі Паўднёва-Заходняй выбарчай акругі № 99.

Арганізатарамі «Канапляных Дзядоў»​ выступілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы Legalize Belarus, якія ўваходзяць у склад нефармальнага аб’яднаньня кандыдатаў у дэпутаты «Маладзёжны блёк».

У «Маладзёжны блёк» уваходзяць актывісты шэрагу маладзёжных ініцыятыў, у прыватнасьці #учебаважнее (выступае супраць закона аб адмене адтэрміновак ад службы ў войску), ЗБС (нефармальнае студэнцкае абʼяднаньне, выступае за адмену абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў) і Legalize Belarus (выступае за дэкрыміналізацыю і зьмякчэньне пакараньня па антынаркатычных артыкулах Крымінальнага кодэксу).

Сем актывістаў «Маладзёжнага блёка» былі вылучаныя кандыдатамі ад партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», яшчэ адзін актывіст быў вылучаны Беларускай партыяй «Зялёныя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG