Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калючы дрот пад токам і канвойная паласа». Як жылі ў падзеленым мурам Бэрліне


Брадэнбурская брама — адно з самых вядомых месцаў у Бэрліне. Яшчэ 30 гадоў таму яна знаходзіліся ў нэўтральнай зоне і з усіх бакоў была агароджаная Бэрлінскім мурам. Падысьці да яе было немагчыма. «Гэта была мая мара — падысьці да Брандэнбурскай брамы», — распавядае гісторык, дасьледчык Бэрлінскай сьцяны Аляксандр Міндлін.

Заходні Бэрлін быў цалкам акружаны. Нэўтральная паласа доўжылася 166 кілямэтраў. Мяжа праходзіла прама па вуліцах і нават хатах, пішуць на сайце «Настоящее время» Веніямін Трубачоў і Юлія Маслава.

«Калючы дрот быў у шмат шэрагаў, быў сыгнальны дрот пад электрычным токам, там ляжалі рашоткі з вострымі шыпамі, былі равы з вадой, была паласа выяўленьня сьлядоў, была канвойная паласа, дзе з сабакамі хадзілі, стаялі вельмі магутныя ліхтары, яны былі настолькі магутнымі, што тыя, хто жыў недалёка ад муру, зацягвалі фіранкамі ў спальні вокны», — успамінае Міндлін.

Аляксандр Коган у той час часта езьдзіў з Захаду на Ўсход. І рабіў гэта часьцяком нелегальна. Ён жыў у ФРГ і працаваў, як і цяпер, у салёне оптыкі, а ў вольныя дні разам з амэрыканскімі сябрамі езьдзіў у ГДР. «Яны паказвалі свой нейкі пашпарт або спэцыяльны дакумэнт, і па ім нас прапускалі імгненна. Без праверак нейкіх, хто сядзіць у машыне. Ня мелі права гэта рабіць. Але нумары машыны не цікавілі нікога. І я ў складзе гэтай кампаніі бываў там », — распавядае Коган.

Калі б яго затрымалі супрацоўнікі тайнай паліцыі «Штазі» — наступствы маглі быць непрадказальнымі. Гэта была вялікая рызыка, і ўсё дзеля таго, каб схадзіць у тэатр:

«Мне падабаліся тэатры ў ГДР, таму што па сваім выкананьні яны мне былі больш блізкія, чым заходнія. У заходнім тэатры былі добрыя спэктаклі, пастаноўшчыкі, але ўсё было досыць стэрыльным. А там усё здавалася больш цёплым, аўтэнтычным».

«Ніхто ня мог паверыць»

А вось трапіць з Усходу на Захад было практычна немагчыма. Людзей, якія прымалі рашэньне зьбегчы, расстрэльвалі з вышак.

«З гэтых акенцаў або байніц стралялі ў тых, хто спрабаваў сысьці ў Заходні Бэрлін, — гэта і была галоўная функцыя гэтых вартавых вышак, ахоўваць паласу, не даваць нікому перайсьці і забіваць тых, хто паспрабуе гэта зрабіць», — адзначае гісторык Аляксандр Міндлін.

Да гэтага часу дакладна невядома, колькі людзей было забіта пры спробе ўцёкаў. Улады многія выпадкі замоўчвалі. Незалежныя расьсьледаваньні паказалі, што загінулых больш за тысячу.

Адна зь першых ахвяраў муру — Пэтэр Фэхтэр. Яму было 18 гадоў. Ён паспрабаваў пералезьці цераз сьцяну, але памежнікі яго заўважылі. «ГДРаўскія салдаты адкрылі стральбу, ужо сёньня мы ведаем, што пазьней у яго целе знойдуць 30 з лішнім куль адначасова, мабыць, стралялі чэргамі, мабыць, зь некалькіх месцаў падбіўшы яго на сьцяне. Яны яго не забілі да канца. Ён упаў ва Ўсходні Бэрлін », — кажа Аляксандр Міндлін.

Практычна гадзіну Пэтэр ляжаў каля муру і прасіў аб дапамозе, але ніхто да яго не падышоў. Хоць з абодвух бакоў Пэтэра Фэхтэра было добра відаць.

«Ён сьцякаў крывёй, гэта ўсе фатаграфавалі, і фатаграфіі хлопца ў крыві абышлі тады ўвесь сьвет. У сучасным Бэрліне на гэтым месцы зроблена круглая пляма з чырвонага граніту», — працягвае Міндлін.

Пасьля будаўніцтва Бэрлінскага муру ў горадзе абсталявалі некалькі кантрольна-прапускных пунктаў. Самы вядомы зь іх — «Чэкпойнт Чарлі» на вуліцы Фрыдрыхштрасэ.

9 лістапада 1989 года — самы памятны дзень у жыцьці, калі мур літаральна імгненна перастаў існаваць і можна было свабодна перасоўвацца.

«Людзі абдымалі адзін аднаго незалежна ад таго, знаёмы гэта быў чалавек ці не. Яны проста плакалі. Ніхто ня мог паверыць, але гэта была рэальнасьць. Гэта быў вялікі дзень. Сьцяна і мяжа ў Бэрліне падзялялі ня толькі Нямеччыну, але і ўвесь сьвет», — кажа дырэктар музэя «Чэкпойнт Чарлі» Аляксандар Гільдэбрант.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG