Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырох абаронцаў Курапатаў будуць судзіць у Менскім раённым судзе


На агароджы вакол рэстарану «Поедем поедим» каля каля Курапатаў зноў відаць напісы, якія летась зрабілі пратэстоўцы.

Абаронцаў Курапат маладафронтаўцаў Дзяніса Ўрбановіча, ягонага брата Максіма Ўрбановіча, Віталя Трыгубава і актывіста Валера Рабцава будуць судзіць 4 лістапада ў Менскім раённым судзе.

Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Скарыны. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў дзяжурны ізалятару. Час, калі пачнуцца адміністрацыйныя працэсы, пакуль невядомы.

«У нас шмат працы, прывязём», — сказаў дзяжурны пра тое, калі актывістаў павязуць на суд.

У канцылярыі Менскага раённага суду паведамілі, што справы на затрыманых яшчэ ў суд не прывозілі. Адміністрацыйны працэс супраць актывіста Зьмітра Казакевіча, як ён сам думае, адбудзецца пазьней у Маскоўскім раённым судзе.

«Ня думаю, што мяне будуць судзіць сёньня, як астатніх. Бо, калі выпускалі зь міліцыі пасьля ўчорашняга інцыдэнту, цікавіліся, дзе жыву ў Маскоўскім раёне. Значыць, пакуль дашлюць туды мае пратаколы, і толькі потым будзе суд», — паведаміў Свабодзе Зьміцер Казакевіч.

Затрыманага непаўналетняга актывіста ўвечары 3 лістапада таксама адпусьцілі зь міліцыі пасьля складаньня на яго пратакола. Ягоную справу будзе разглядаць камісія ў справах непаўналетніх.

3 лістапада, неўзабаве пасьля мітынгу ў Курапатах, каля ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца побач з народным мэмарыялам, адбылося сутыкненьне пікетоўцаў з ахоўнікамі ўстановы. Выкліканы адміністрацыяй рэстарацыі нарад міліцыі затрымаў шасьцёх актывістаў і даставіў іх у Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі. Актывісты кажуць, што пацярпелі ад ахоўнікаў і што іх таксама білі ў міліцэйскім аўтамабілі. Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з пастарунку быў адвезены ў бараўлянскі шпіталь, дзе яму аказалі мэдыцынскую дапамогу, а пасьля зноў затрымалі. Тэлефоннай сувязі зь ім пасьля гэтага няма.

«Дзяніс пасьпеў мне пазваніць, але пасьля яго зноў забралі. Казаў, што ў яго траўмы шыі. У мяне ж некалькі пашкоджаньняў: удар галавы, пабітыя грудзі, паясьніца. Я таксама зьняў гэтыя пабоі і буду зьвяртацца ў пракуратуру ці ў суд. Трэба дачакацца вызваленьня іншых хлопцаў і дзейнічаць разам», — сказаў Свабодзе Зьміцер Казакевіч.

Зьміцер Казакевіч — зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Паводле Казакевіча, на ганку рэстарацыі «Поедем поедим» ён зьбіраўся праводзіць агітацыйную выбарчую працу.

«Раздавалі б улёткі, знаёмілі б наведнікаў з маёй праграмай. Але нам адразу пачалі перашкаджаць, штурхалі, пацягнулі да выхаду. Тое, што нам не дазволілі агітаваць, ужо парушэньне. Не кажу ўжо пра тое, што нас зьбілі. Гэта цалкам ляжыць на сумленьні супрацоўнікаў рэстарацыі і міліцыянтаў, якія аказаліся на іх баку», — лічаць актывіст Зьміцер Казакевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG