Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны, МЗС і МНС зачыталі верш Коласа. ВІДЭА


З нагоды дня народзінаў Якуба Коласа супрацоўнікі міністэрстваў абароны, замежных справаў і надзвычайных сытуацыяў зьняліся ў відэа, на якім зачытваюць верш паэта «Адлёт журавоў».

«Усе мы розныя: можам насіць рознае адзеньне ці форму, мець тыя ці іншыя погляды, знаходзіцца ў розных частках сьвету, — пішуць у апісаньні відэа. — Але любоў да Радзімы ў нас адна. Шануйце зямлю сваю і сыноў, яе ўславіўшых!»

Верш «Адлёт журавоў» быў напісаны ў 1909 годзе, выдадзены пад псэўданімам Тарас Гушча.

Белыя валокны
Сьцелюцца над долам.
Не сьпяваюць птушкі,
Сьціхнуў лесу шолам.

Сьцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!

Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
І агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.

Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.

Стомленасьць, зьнямеласьць…
Тояць думку боры…
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?

Жаласна-прыгожа
Льлюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.

У бязьмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,
У паднеб’і тае.
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.

І стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як-бы нешта страціў,
А што? сам ня знаеш.

Так у час расстаньня
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы.

І глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ў далечу
Душу дарагую.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG