Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дрэздэне абвешчаная «нацысцкая надзвычайная сытуацыя». Моўная памылка ці сымбалічная рэзалюцыя?


Дэманстрацыя PEGIDA (Патрыятычныя эўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду). Архіўгнае фота.

Муніцыпальная рада Дрэздэна ва ўсходняй Нямеччыне ўхваліла рэзалюцыю аб «нацысцкай надзвычайнай сытуацыі», заявіўшы, што праблема ўльтраправых у горадзе стаіць вельмі сур’ёзна.

Хрысьціянскія дэмакраты — прадстаўнікі партыі Ангелы Мэркель — галасавалі супраць. Паводле іх, такі выраз у дакумэнце па сутнасьці зьяўляецца маўленчай памылкай, паведамляе ВВС.

Дрэздэн, сталіца Саксоніі і кандыдат на атрыманьне статусу Эўрапейскай культурнай сталіцы 2025 году, лічыцца своеасаблівым апірышчам ультраправых.

Сябры гарадзкой рады ўхвалілі рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што трэба рабіць больш, каб вырашыць праблему. Крытыкі мяркуюць, што гарадзкія ўлады зайшлі занадта далёка.

Што значыць «нацысцкая надзвычайная сытуацыя»

«Нацысцкая надзвычайная сытуацыя (Nazinotstand па-нямецку) азначае — па аналёгіі з кліматычнай надзвычайнай сытуацыяй — што ў нас сурʼёзныя праблемы. Адкрытае дэмакратычнае грамадзтва пад пагрозай», — заявіў BBC сябра мясцовай рады Макс Ашэнбах, які і ўнёс рэзалюцыю.

Аўтары рэзалюцыі сьцьвярджаюць, што «правыя экстрэмісцкія погляды і дзеяньні сустракаюцца ўсё часьцей», і заклікаюць горад дапамагчы ахвярам гвалту з боку ўльтраправых, абараняць меншасьці і ўмацоўваць дэмакратыю.

Ашэнбах заявіў, што гэты крок прадэманстраваў прыхільнасьць гарадзкой рады разьвіцьцю «вольнага, лібэральнага, дэмакратычнага грамадзтва, якое абараняе меншасьці і рашуча выступае супраць нацыстаў».

Рэзалюцыя Ашэнбаха была вынесена на галасаваньне ў гарадзкой радзе ў сераду ўвечары. Яна была ўхвалена 39 галасамі супраць 29. Сярод праціўнікаў рэзалюцыі былі і члены Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС), які ўзначальвае на фэдэральным узроўні кіруючую кааліцыю, паведамляюць мясцовыя СМІ.

У ХДС рэзалюцыю апісалі як «выключна палітычную сымболіку» і назвалі грозныя выразы ў дакумэнце — «маўленчай памылкай», піша нямецкае агенцтва DPA.

Кай Арцхаймэр, нямецкі прафэсар паліталёгіі, які шмат пісаў пра ўльтраправы экстрэмізм, заявіў, што галоўны вынік рэзалюцыі — сымбалічны, аднак у выніку гэта можа прывесьці да вылучэньня вялікіх сродкаў на праграмы па барацьбе з экстрэмізмам.

У пачатку 1990-х нэанацысцкія групы ладзілі ў Дрэздэне мітынгі, каб нагадаць пра «бамбавальны галакост» (разбуральныя бамбаваньні Дрэздэна авіяцыяй саюзьнікаў у 1945 году), нагадвае Арцхаймэр. Гэтыя групы затым распаўсюдзілі свой уплыў у бліжэйшых раёнах і ў паўднёвай Саксоніі.

Фэдэральная зямля Саксонія доўгі час была галоўнай базай падтрымкі ультраправай Нацыянальнай дэмакратычнай партыі, а зараз і ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». На выбарах у верасьні яна заняла другое месца і набрала 27,5% галасоў — на 17,8% больш, чым у 2014 годзе.

У Дрэздэне ў 2014 годзе зьявіўся антыісламскі рух PEGIDA (Патрыятычныя эўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду»), тут жа ён праводзіць свае мітынгі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG