Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню з 1945-га. Як галасавалі нямецкія рэгіёны за правых і чаму


Лідэры партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Аляксандар Гаўлянд і Аліса Вайдль сьвяткуюць вынікі выбараў у бундэстаг 24 верасьня 2017

Мы параўналі падтрымку цэнтральных партыяў Нямеччыны на выбарах 2013 і 2017 гадоў і абмеркавалі з экспэртамі, чаму хрысьціянскія дэмакраты Мэркель страцілі галасы ва ўсіх землях краіны (спад ад 13 адсоткаў), а правыя атрымалі іх значна больш (рост ад 78%).

Як праходзяць выбары ў Нямеччыне

Ангела Мэркель, лідарка ХДЗ/ХСЗ, галасуе ў Бэрліне
Ангела Мэркель, лідарка ХДЗ/ХСЗ, галасуе ў Бэрліне

Нацыянальны парлямэнт — бундэстаг — абіраецца з 1949 году. Канстытуцыя, якую тады прынялі, надала яму шырокія паўнамоцтвы. Толькі ім прымаюцца абавязковыя да выкананьня ўсімі жыхарамі краіны законы. Колькасьць дэпутатаў зь цягам часу павялічвалася: да 709 — у 2017-м. Галасуюць яны, падняўшыся ці ўзьняўшы руку. Калі ёсьць цяжкасьці з падлікам або сумнеў, ці сабраўся кворум, дэпутаты пакідаюць пленарную залю ды вяртаюцца празь адны з трох дзьвярэй, якія азначаюць: «так», «не», «устрымаўся».

Бундэстаг абіраецца паўналетнімі грамадзянамі Нямеччыны на чатыры гады. Кожны выбарнік галасуе па двух сьпісах: за канкрэтнага палітыка й за партыю. На блянку для галасаваньня няма ні пячаткі, ні подпісу старшыні выбарчага ўчастку. Калі выбарнік яго выпадкова псуе ці фатаграфуе, за каго аддаў свой голас (такія фота забаранілі з гэтага году) — яму даюць новы. Таксама дазваляецца галасаваць па пошце. Дрэс-коду няма: прыходзіць можна хоць у бікіні, абы без партыйнай сымболікі.

Выбарчая сыстэма робіць практычна немагчымым, каб урад фармаваўся толькі адной партыяй — як правіла, утвараецца кааліцыя. Пасьля выбараў 2013 году ў бундэстагу працавалі пяць партыяў, кааліцыю ўтварылі: CDU/CSU (блёк хрысьціянска-дэмакратычных партыяў ХДЗ/ХСЗ) і SPD (Сацыял-дэмакратычная партыя). Апазыцыю хрысьціянскім дэмакратам і сацыял-дэмакратам прадстаўлялі левыя й зялёныя. Новая кааліцыя, хутчэй за ўсё, аб’яднае CDU/CSU з FDP (Свабодная дэмакратычная партыя) і Bündnis 90/Die Grünen (Альянс90/Зялёныя). Па колерах трох партыяў — чорны, жоўты і зялёны — меркаваную кааліцыю назвалі «Ямайкай», бо такія колеры ёсьць на сьцягу гэтай астраўной дзяржавы.

Самая ўплывовая палітычная пасада ў Нямеччыне — фэдэральны канцлер, а не прэзыдэнт. Дзейны прэзыдэнт з сакавіка гэтага году — Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён выконвае прадстаўнічыя функцыі на міжнароднай арэне, падпісвае законы, прызначае канцлера й фэдэральных міністраў. Канцлера выбірае бундэстаг тайным галасаваньнем. Ён узначальвае кабінэт міністраў і вызначае асноўныя кірункі палітыкі дзяржавы. На гэтай пасадзе з 2005 году застаецца Ангела Мэркель.

Як Нямеччына галасавала на выбарах 24 верасьня 2017 году

​Нямеччына складаецца з 16 земляў. Мы прааналізавалі, як галасавалі жыхары кожнай зь іх у 2013 і 2017 гадах. Настроі грамадзтва за гэты час рэзка зьмяніліся. Ва ўсіх землях страцілі галасы самыя папулярныя партыі — CDU (хрысьціянскія дэмакраты) і SPD (сацыял-дэмакраты), а набралі галасоў AfD (правыя) і FDP (лібэралы). Левыя страцілі галасы ў пяці землях, зялёныя — у сямі.

Найбольшыя зьмены адбыліся ў Саксоніі (у гэтай зямлі знаходзяцца Ляйпцыг і Дрэздэн). CDU страціла там 37 адсоткаў (было 42,6, стала 26,9), SPD — 28 (падзеньне з 14,6 да 10,5). Правая AfD прыбавіла сабе 718 (з 3,3 да 27).

Найбольшы адсотак падтрымкі CDU атрымала ў Баварыі (38,8), Рэйнлянд-Пфальцы (35,9) ды Ніжняй Саксоніі (34,9), SPD — у Ніжняй Саксоніі (27,4), Заарляндзе (27,2), Брэмэне (26,8), AfD — у Саксоніі (27), Турынгіі (22,7), Брандэнбургу (20,2). У левых найбольшая падтрымка ў Бэрліне — 18,8 адсотка. Цікава, што яны перамаглі на выбарчых акругах, якія раней уваходзілі ў ГДР. Больш прыхільнікаў зялёных жыве ў Гамбургу — 13,9.

Чаму мільёны немцаў прагаласавалі за правых

Упершыню з 1945 году ў нямецкім урадзе зьяўляюцца правыя. На фэдэральных выбарах 2013 году яны набралі 4,7 адсотка, цяпер — 12,6. У бундэстагу будуць працаваць амаль 100 чальцоў партыі — і гэта трэцяе месца па колькасьці.

​Толькі ў трох землях, Заарляндзе, Гамбургу й Шлезьвіг-Гальштайне, іхная падтрымка ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі вырасла менш чым удвая — на 94, 90 і 78 адсотка адпаведна. У астатніх землях рост больш значны. Амаль у чатыры разы партыя прыбавіла ў Саксоніі-Ангальт, больш як у сем разоў — у Саксоніі. І гэта на фоне суцэльных стратаў у дзьвюх самых папулярных партыяў краіны — CDU i SPD: іх падтрымка зьнізілася ва ўсіх землях.

Правую партыю Alternative für Deutschland стварылі ў 2013 годзе адмыслова дзеля ўдзелу ў выбарах — і яна ледзь не ўвайшла ў бундэстаг: не хапіла некалькі дзясятых да 5-адсоткавага бар’еру.

У пэрыяд паміж выбарамі партыя зьмянілася. Сярод яе заснавальнікаў — прафэсары эканомікі Бэрнд Люке й Ёахім Штарбаты. У ёй было шмат выбітных інтэлектуалаў-кансэрватараў. Сярод іншага яны заклікалі замяніць эўра на марку. Цяпер палітыкі з гэтай партыі больш выступаюць з нацыяналістычнай рыторыкай. На адным зь іхніх перадвыбарчых плякатаў — фота напаўаголеных дзяўчат з надпісам «Буркіні? Мы аддаём перавагу бікіні», на другім — сьвіньні з надпісам «Іслам? Ня ўпісваецца ў нашу кухню».

AfD — сапраўды альтэрнатыва для некаторых людзей, — кажа доктар Герд Дэпэнброк, былы кіраўнік бэрлінскай студыі тэлерадыёкампаніі ARD. — Шмат хто з выбарцаў раней выказваў незадаволенасьць уладамі празь няўдзел у галасаваньні.

Суразмоўца дадаў, што частка пратэставага электарату раней падтрымлівала Die Linke, а цяпер аддала галасы нацыяналістам. А гэта несумяшчальныя па ідэалёгіі партыі.

— Левыя атрымлівалі галасы ў якасьці пратэсту, а не з прычыны ідэалягічнай падтрымкі, — кажа ён.

Доктар Яганэс Гэрснэр зь Ляйпцыгскага ўнівэрсытэту кажа, што палітыкі з AfD зьвяртаюцца да выбарцаў, якія ня вераць сыстэме. Яны паабяцалі стварыць камісію па злачынствах уладаў. Ён прагназуе цяжкасьці ў працы новага ўраду.

— У нас ёсьць досьвед працы з экстрэмісцкімі пазыцыямі. У некаторых мясцовых парлямэнтах AfD ужо працуе. Цікавая мадэль зьявілася ў Мэклянбургу — Пярэдняй Памэраніі. З правымі там не дыскутавалі. Але праз гэта іхні рэйтынг вырас: выбарнік лічыў, што абмяркоўваць важныя пытаньні зь імі ня хочуць, бо няма аргумэнтаў. Спадзяюся, што гэта ня стане ўзорам для працы новага Бундэстагу. Прафэсійныя палітыкі мусяць дыскутаваць з правымі, каб паказаць выбарнікам, што за партыю яны абралі, — лічыць суразмоўца.

Менавіта ў Саксоніі, дзе жыве доктар, правыя перамаглі партыю Ангелы Мэркель і занялі першае месца. Гэта традыцыйна кансэрватыўны рэгіён з моцнымі пазыцыямі правых. Ён прыцягнуў да сябе ўвагу сьвету ў 2015 годзе. У Дрэздэне прайшлі шматтысячныя антыісьлямскія мітынгі, якія сабралі да 25 тысяч удзельнікаў. У Фрайталі ўзарвалі аўтамабіль левага палітыка, напалі на памяшканьне для ўцекачоў.

Рэдактар адзінай у Фрайталі газэты Sachsische Zeitung Тобіяс Вінцэр растлумачыў, што ў ягоным горадзе склалася традыцыя правага экстрэмізму. І з 2015 году сытуацыя не зьмянілася — значная колькасьць жыхароў прагаласавала за AfD.

— У людзей было адчуваньне, што ў іх забіраюць нешта важнае. Колькасьць уцекачоў імкліва расла. Улады не тлумачылі, колькі яшчэ іх прыедзе празь месяц і год, на чые грошы іх будуць утрымліваць, чым яны будуць займацца. У людзей склалася ўражаньне, што палітыкі страцілі кантроль над сытуацыяй. Яны верылі, што ўцекачоў будзе 20–30 мільёнаў. Была небясьпека, што разам зь імі прыйдзе тэрор. Хадзілі розныя чуткі, напрыклад, што ім нібыта дазволілі браць любы тавар у крамах бясплатна, — кажа журналіст.

Па ягоных словах, на дэманстрацыі выходзілі ня толькі беспрацоўныя: там быў тыповы сярэдні кляс з добрым жыльлём, машынамі, сем’ямі. Пратэстоўцы баяліся, што іх узровень жыцьця пагоршыцца.

— Што цікава, у нас было вельмі мала замежнікаў, каля аднаго адсотка ад усяго насельніцтва. У больш мультыкультурных рэгіёнах нацыяналістычных настрояў менш, — заўважыў суразмоўца.

XS
SM
MD
LG