Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец спрабаваў правезьці церазь беларускую мяжу 290 кіляграмаў гашышу


Ілюстрацыйнае фота, на беларуска-польскай мяжы
Ілюстрацыйнае фота, на беларуска-польскай мяжы

Сьледчы камітэт па Горадзенскай вобласьці завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць 46-гадовага грамадзяніна Расеі, які спрабаваў перавезьці празь беларускую мяжу 290 кіляграмаў гашышу, паведамляе прэс-служба СК.

Паводле сьледзтва, расеец ехаў зь Літвы ў Беларусь праз памежны пункт пропуску «Катлоўка». Падчас мытнага кантролю ў ягонай машыне знайшлі тайнік, у ім было 3012 плітак гашышу, агульная вага якіх — больш за 290 кіляграмаў.

Фота Сьледчага камітэту
Фота Сьледчага камітэту

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, мужчына зьбіраўся прадаваць наркотыкі ў Расеі.

Яго абвінавацілі ў незаконным набыцьці, захоўваньні і перавозцы наркатычных сродкаў у буйным памеры з мэтай збыту (ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу, ад 8 да 15 год пазбаўленьня волі) і незаконным перамяшчэньні іх празь мяжу, учыненым групай па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 328-1 КК, ад 3 да 7 год пазбаўленьня волі).

Мужчыну ўзялі пад варту. Справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

Сёлета за 9 месяцаў Сьледчы камітэт перадаў у суд больш за 2,5 тысячы крымінальных спраў за наркотыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG