Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына заблякавала заяву NATO па Ўкраіне


Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта

Будапэшт заблякаваў сумесную заяву прадстаўнікоў краін NATO па Ўкраіне. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта.

Паводле міністра, у ходзе падрыхтоўкі заявы Будапэшт зрабіў шэраг прапаноў, якія б абавязвалі Ўкраіну зьвярнуць увагу на правы вугорскай супольнасьці ў Закарпацьці. Аднак гэтыя прапановы не былі прынятыя. У выніку Вугоршчына наклала вэта на дакумэнт.

«Мы не гатовыя ахвяраваць інтарэсамі 150 тысяч этнічных вугорцаў, якія жывуць на захадзе Ўкраіны», — падкрэсьліў Пэтэр Сіярта.

Прэса зьвяртае ўвагу на тое, што блякіроўка заявы NATO адбылася ў дзень візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў Вугоршчыну. Там ён сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Віктарам Орбаном.

Адносіны Будапэшта і Кіева абвастрыліся пасьля прыняцьця ва Ўкраіне новага закону аб дзяржаўнай мове. Адзінай дзяржаўнай мовай у краіне стала ўкраінская. Яна зьяўляецца абавязковай для ўсіх органаў улады і грамадзкіх арганізацый. Прадстаўнікі Вугоршчыны заяўлялі, што новы ўкраінскі закон прыцісьняе правы вугорскай меншасьці ў Закарпацьці. На думку Будапэшта, гэты закон парушае асноўныя прынцыпы Эўразьвязу і пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ.

У сваю чаргу Кіеў заявіў, што Ўкраіна цалкам гарантуе абарону правоў нацыянальных меншасьцяў, а закон аб мове пашырае іх магчымасьці граць важную ролю ва ўкраінскім грамадзтве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG