Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўкраінскім Марыюпалі тралейбусны парк цалкам заменяць беларускімі машынамі


Фінансуе пастаўкі беларускіх тралейбусаў у прыфрантавы ўкраінскі горад Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

Выйграны тэндэр

Супольнае беларуска-украінскае прадпрыемства «БКМ-Україна», якое зьяўляецца афіцыйным дылерам менскага холдынгу «Белкамунмаш», выйграла тэндэр на пастаўку ў Марыюпаль 72 тралейбусаў за 13,3 мільёна эўра.

Тэндэр праводзіўся Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця ў межах крэдытнай праграмы, зацьверджанай украінскім ўрадам на абнаўленьне муніцыпальнага электрычнага транспарту.

Агульны памер крэдыту складае 350 мільёнаў эўра.

Дзявяты горад Украіны

Марыюпаль стаў дзевятым горадам, які скарыстаўся фінансавымі магчымасьцямі ЭБРР для абнаўленьня тралебуйснага парку. Дагэтуль у горадзе па 12 маршрутах курсавалі 46 тралейбусаў.

Цягам 2016–2018 гадоў Беларусь паставіла ва Ўкраіну 120 тралейбусаў — яны ўжо курсуюць па вуліцах Адэсы, Дніпра, Краматорску, Хмяльніцкага, Роўна, Сумаў і Івана-Франкоўску.

Беларуска-украінскае прадпрыемства «БКМ-Україна» заяўляла аб намеры цягам 2019 году ўзяць удзел яшчэ ў некалькіх аналягічных тэндэрах — у Крэменчуку, Крывым Розе, Жытоміры, Палтаве, Луцку, Херсоне і Мікалаеве.

Украінскія магчымасьці для беларускіх кампаній

Напярэдадні ў Марыюпалі адбыўся вялікі інвэстыцыйны форум, на якім урад Украіны падпісаў яшчэ адзін мэмарандум з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця — аб выдзяленьні крэдыту памерам 300 мільёнаў эўра на фінансаваньне рамонту і будаўніцтва рэгіянальных аўтамабільных магістраляў.

Згодна з дакумэнтам, крэдытныя сродкі будуць выдаткоўвацца пад гарантыі мясцовых уладаў. Прадугледжваецца, што першы такі праект будзе рэалізаваны ў Херсонскай вобласьці.

  • Ад 2017 году ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог актыўна ўдзельнічаюць два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля.
  • Летась гомельскія аўтадарожнікі трапілі ў лік фіналістаў міжнароднага тэндэру на капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі М-01 (Новыя Ярылавічы — Чарнігаў — Кіеў) у межах Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, які фінансаваўся Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG