Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адрэагаваў на пагрозу пераезду беларускіх мэдыкаў у Польшчу


Аляксандар Лукашэнка

«Нас гэта хвалюе, але не напружвае», — адказаў Лукашэнка на пытаньне журналістаў, ці не баіцца Беларусь маштабнага адтоку лекараў пасьля спрашчэньня ўмоваў працаўладкаваньня для мэдыкаў у суседняй Польшчы, піша БЕЛТА.

Падчас наведваньня Лукашэнкам РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава 30 кастрычніка журналісты згадалі пра нядаўняе рашэньне Польшчы спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу і пацікавіліся ў Лукашэнкі, якія рашэньні будуць прымаць у Беларусі, каб не дапусьціць адтоку спэцыялістаў у суседнюю краіну.

«Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністар кажа, што на працягу двух гадоў наогул гэтую праблему (браку пэрсаналу ў мэдыцынскіх установах. — Рэд.) здымем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, дзесьці нечаму падвучыўся. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся назад і дапамагаў ёй», — сказаў Лукашэнка.

Выказваючыся пра рашэньне польскага боку, Лукашэнка заўважыў, што гэтую краіну многія часта ставяць у прыклад Беларусі. «Але калі так разьвіваецца краіна, чаго тады паглядаюць на спэцыялістаў зь Беларусі з гэтай дыктатурай? Вы добра разьвіваецеся? Калі ласка, карміце сваіх лекараў, няхай яны лечаць вашых людзей», — сказаў Лукашэнка.

У той жа час, падкрэсьліў ён, у Беларусі будуць рабіць захады, каб утрымаць спэцыялістаў: ствараць неабходныя ўмовы для жыцьця і працы, павышаць заробкі, «але сілай утрымліваць ні лекараў, ні настаўнікаў, ні інжынэраў ніхто ня будзе», «трэба цывілізавана працаваць зь людзьмі».

Пра заробкі мэдыкаў Лукашэнка сказаў, што да канца 2025 году ў дактароў ён падвоіцца, але, на яго думку, важнейшая наяўнасьць сучаснага мэдыцынскага абсталяваньня. «Трэба так зрабіць, каб наш лекар быў абсталяваны, як замежны», — сказаў ён.

У​ Польшчы плянуюць спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу. Адпаведны законапраект ужо паступіў у польскі парлямэнт. Паведамлялася, што ў першую чаргу зьмены накіраваныя на прыцягненьне лекараў з суседніх Беларусі і Ўкраіны.

У прыватнасьці, замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ. Дазвол на працу будзе выдаваць канкрэтны польскі шпіталь пасьля праходжаньня лекарам іспыту на права прафэсійнай дзейнасьці ў Польшчы. Без пацьверджаньня дыплёма лекары змогуць атрымліваць дазвол на працу максымум на пяць гадоў у канкрэтнай мэдыцынскай установе.

У Польшчы цяпер назіраецца недахоп мэдыкаў. Пры гэтым лекары там маюць адных з найлепшых заробкаў — паводле Польскага радыё, у сярэднім каля 3-4 тысячы эўра.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў беларускай ахове здароўя — 935,7 рубля, або каля 400 эўра. У лекараў яна вышэйшая, але ўсё адно гэта значна менш, чым у Польшчы.

У 2019 годзе амаль 137,7 тысячы беларусаў атрымалі від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу, 91,9% зь іх — у Польшчы, у асноўным за кошт «карты паляка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG