Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца амбасады ЗША сустрэлася зь дзяржсакратаром Засем, расказала пра танкі ў Літве


Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, архіўнае фота
Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, архіўнае фота

На ініцыятыву амэрыканскага боку дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась 29 кастрычніка сустрэўся з часовай паверанай у справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур, паведамляе БЕЛТА.

На сустрэчы абяркоўваліся пытаньні беларуска-амэрыканскага ўзаемадзеяньня, а таксама праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі ў кантэксьце плянаў разьмяшчэньня амэрыканскіх вайскоўцаў каля беларускіх межаў.

Амэрыканскі бок даў Беларусі падрабязную інфармацыю пра пляны правядзеньня апэрацыі «Атлянтычная рашучасьць» (Atlantic Resolve), з дапамогай якой войска ЗША жадае ўзмоцніць саюзьнікаў па NATO ва Ўсходняй Эўропе, і вучэньняў NATO «Абаронца Эўропы – 2020» (Defender Europe), склад і колькасьць прыцягнутых сіл і сродкаў, а таксама пра тэрміны іх вяртаньня да месцаў сталай дысьлякацыі. Бакі абмяняліся думкамі аб становішчы ў сфэры кантролю над узбраеньнямі і ўмацаваньні захадаў даверу і бясьпекі.

Вучэньні NATO Defender Europe пройдуць у 2020 годзе і маюць стаць самымі маштабнымі за апошнія 25 гадоў. У межах іх ЗША адпрацуюць хуткае перакідваньне сваіх войскаў праз Атлянтычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. У вучэньнях возьмуць удзел каля 20 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў разам з вайсковай тэхнікай. Усяго ў манэўрах будзе задзейнічана 37 тысяч салдат NATO з 18 краінаў, трэніроўкі пройдуць на тэрыторыі 10 краінаў.

У канцы верасьня Мінабароны Літвы паведаміла, што ў рамках вучэньняў NATO у Літву прыбудуць больш за 500 вайскоўцаў, а таксама 30 танкаў «Абрамс», 25 баявых машын пяхоты «Брэдлі», 70 колавых транспартных сродкаў. Частка вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі ўжо прыбыла на тэрыторыі краіны. Яны будуць знаходзіцца на мяжы зь Беларусьсю, на вайсковым палігоне ў Пабрадзе, да вясны 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка назваў вучэньні NATO Defender-2020 «незразумелымі», сказаў, што «гэта ненармальна» і яму разам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным «давядзецца падумаць пра тое, як засьцерагчы сябе ў гэты пэрыяд». Разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў і танкаў у Літве ён палічыў «прэцэдэнтам», заявіў, што «ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяну не перакідваліся войскі».

28 кастрычніка Лукашэнка склікаў нараду з удзелам дзяржсакратара Савета бясьпекі, міністра абароны і начальніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Беларусі. Пасьля нарады міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што Беларусь плянуе шэраг захадаў дзеля адэкватнага рэагаваньня на разьмяшчэньне тэхнікі войскаў NATO ля беларускай мяжы. У прыватнасьці, захады, скіраваныя на ўзмацненьне дзяржаўнай мяжы і павелічэньне колькасьці сухапутнага вайсковага кантынгенту на літоўскім кірунку.

Генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг заявіў, што ў Беларусі няма прычын для хваляваньняў у сувязі з вучэньнямі NATO у непасрэднай блізкасьці ад беларускай мяжы.

Літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа адзначыў, што Вайскоўцы арміі ЗША разьмяшчаюцца ў Літве з мэтай абароны жыхароў краіны, а не для запалохваньня Беларусі. Паводле Наўседы, «гэта проста жаданьне абараніць людзей ад магчымых інтэрвэнцый, каб яны маглі ў бясьпецы ствараць свой дабрабыт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG