Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Віцебску асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу помніка і фота «ЎКантакце»


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Віцебскі абласны суд 28 кастрычніка агучыў вырак у крымінальнай справе ў дачыненьні да 34-гадовага віцябляніна Аляксея В., якога прызналі вінаватым у распальваньні расавай варожасьці і зьняслаўленьні помнікаў абаронцам Айчыны на плошчы Перамогі ў Віцебску.

Судзьдзя Андрэй Прэйс прызнаў яго вінаватым паводле абодвух артыкулаў (ч.1 арт. 130 і ч. 2 арт.346 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і прысудзіў 1 год абмежаваньня волі за зьдзек з помнікаў абаронцам Айчыны і 2,5 года за распальваньне расавай варожасьці, сукупна — 3 гады і 1 месяц «хіміі», паведамляе правабаабарончы сайт «Віцебская вясна».

Падставай для крымінальнай справы былі фота- і відэа, якія мужчына разьмясьціў на асабістай старонцы ў сацсетцы «ЎКантакце» ў 2011-2012 гадах. На адным з фота ён ускідвае руку ў нацысцкім вітаньні на фоне падземнага пераходу да плошчы Перамогі.

У апошнім слове на судзе віцяблянін не прызнаў сябе вінаватым і зьвярнуў увагу судзьдзі, што відэа, якое было на ягонай асабістай старонцы, ён выпадкова знайшоў у інтэрнэце. Відэа было ў вольным доступе, і любы ахвотны мог яго ўзяць на сваю старонку, таму ён падумаў, што калі зьмесьціць відэа сабе на старонку, гэта ня будзе незаконным. Віцяблянін сьцьвярджаў на судзе, што скапіяваў той ролік, нават не паглядзеўшы, што ў ім.

Што да фатаздымку ў падземным пераходзе, ён заявіў, што ягоны жэст ні пра што ня сьведчыць, бо нічога кепскага ў той жэст не ўкладаў і нікога абразіць не хацеў.

Асуджаны заявіў, што з рашэньнем Віцебскага абласнога суду ня згодны і будзе яго абскарджваць у Вярхоўным судзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG