Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Устойлівае ўражаньне сапсаванай расейскай», — маскоўскі турыстычны даведнік аб беларускай мове


Помнік літары Ў у Полацку

У сэрыі «Красный гид» маскоўскага выдавецтва «Эксмо» выйшла трэцяе, абноўленае выданьне даведніка для турыстаў па Беларусі.

У ім зьмяшчаецца інфармацыя аб краіне, парады, чым заняць сябе на тыдзень, а таксама даецца пералік 25 галоўных адметнасьцяў з падрабязнай мапай.

«Мова ўзроўню першаклясьніка»​

Карыстальнікаў зачапіла інфармацыйнае тлумачэньне пра Беларусь у рубрыцы «Разговорник». На зьмест зьвярнула ўвагу супрацоўніца незалежнай кнігарні «Кніжная шафа» Наста Карнацкая.

«Вось так разгортваеш раніцай кнігу пра Беларусь і даведваесься, што размаўляеш на „сапсаванай расейскай“, як першаклясьнік», — удакладняе яна.

Расейскі гід па Беларусі
Расейскі гід па Беларусі

«Беларусь —​ расейскамоўная краіна, таму расейска-беларускі размоўнік вам не спатрэбіцца, — сьцьвярджаюць аўтары экспрэс-гіду. — Беларуская мова распаўсюджаная на захадзе краіны, і тое пераважна ў вёсках. Акрамя таго, у Заходняй Беларусі ёсьць польскія раёны, а на Палесьсі мясцовыя размаўляюць на дыялекце, які называюць «тутэйшым».

Як пішуць далей аўтары даведніка, беларускі альфабэт пабудаваны на аснове кірыліцы. У параўнаньні з расейскім хіба некалькі адрозьненьняў: адсутнасьць літар «и» (замена на “і”), «щ» (замена на «шч»), «ъ» (замена апострафам), а таксама прысутнасьць «ў», характэрнага толькі для беларускай мовы (нешта сярэдняе паміж «у» і «в»).

«Назвы гарадоў, устаноў на беларускай мове могуць выклікаць устойлівае ўражаньне сапсаванай расейскай – так пісалі б першаклясьнікі, зыходзячы з прынцыпу «як чуецца, так і пішацца». Напрыклад, «вакзал», «аптэка», «праспэкт», — адукоўваюць чытачоў складальнікі «Красного гида».

«Сындром грэблівага стаўленьня»

Юрыст, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што справай гонару кіраўніцтва Беларусі было б адрэагаваць на сьвядомае прыніжэньне вартасьці беларускай мовы.

Фрагмэнт пра беларускую мову
Фрагмэнт пра беларускую мову

«Зразумела, што і вядомаму выдавецтву гэта не дадае аўтырэтыту, і выклікае адпаведную рэакцыю з боку беларусаў, — кажа Андрэй Бастунец Свабодзе. — Затое падобныя допісы яскрава дэманструюць, якое насамрэч стаўленьне ў агульнай масы жыхароў Расеі да суседняй Беларусі — звысоку, грэбліва-павучальнае».

На перакананьне Андрэя Бастунца, на падобную праяву «непрыхаванага хамства» адпаведныя дзяржаўныя ўстановы Беларусі мусяць накіраваць афіцыйны зварот у выдавецтва «Эксмо» з патрабаваньнем выправіць фрагмэнт тэксту, які абражае краіну і яе жыхароў.

У выпадку ж, калі чыноўнікі праглынуць абразу, варта распачаць грамадзкую кампанію са зборам подпісаў сярод вядомых людзей Беларусі, канстатуе Андрэй Бастунец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG