Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аль-Багдадзі падарваў сябе і траіх сваіх дзяцей. Падрабязнасьці амэрыканскай апэрацыі


Абу Бакр аль-Багдадзі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Абу Бакр аль-Багдадзі, лідэр тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», мёртвы.

Выступаючы ў Белым доме, Трамп пацьвердзіў, што сьмерць Багдадзі стала вынікам апэрацыі амэрыканскіх вайскоўцаў на паўночным захадзе Сырыі.

Дакладнае месца апэрацыі Трамп не назваў. Раней паведамлялася, што гэта адбылося ў сырыйскай правінцыі Ідліб, непадалёку ад мяжы з Турэччынай.

«Ён памёр як сабака і як баязлівец» — сказаў прэзідэнт ЗША аб аль-Багдадзі. Трамп пералічыў шэраг злачынстваў, учыненых тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», і заявіў, што сьвет цяпер стаў больш бясьпечным.

Трамп прывёў падрабязнасьці апэрацыі. Амэрыканскія вайскоўцы высадзіліся з васьмі верталётаў. Ваенна-палітычнае кіраўніцтва ЗША сачыла за апэрацыяй у рэжыме рэальнага часу.

У выніку перастрэлкі, паводле словаў Трампа, былі забітыя набліжаныя аль-Багдадзі. Сам лідэр «Ісламскай дзяржавы» спрабаваў уцячы з дому праз тунэль, аднак пад пагрозай немінучага захопу падарваў сябе. Разам з ім загінулі трое яго непаўналетніх дзяцей. Цела Багдадзі было, паводле словаў Трампа, скалечана выбухам, аднак экспэртыза ДНК пацьвердзіла, што гэта менавіта лідэр «Ісламскай дзяржавы».

Паводле Трампа, дзьве жанчыны — як мяркуецца, жонкі Багдадзі — былі забітыя падчас апэрацыі. Прэзыдэнт ЗША абверг паведамленьні аб тым, што яны таксама падарвалі сябе.

Паводле Трампа, з дому былі эвакуяваныя 11 дзяцей, яны не пацярпелі.

Страт сярод амэрыканскіх ваенных няма. Паводле словаў Трампа, быў паранены толькі службовы сабака, які дапамагаў амэрыканскім вайскоўцам ў апэрацыі.

Дональд Трамп падзякаваў Расеі Турэччыне, Іраку, Сырыі і сырыйскім курдам за садзеяньне ў апэрацыі. Расея, у прыватнасьці, паводле Трампа, адкрыла для амэрыканскіх вайскоўцаў паветраны калідор у Сырыі.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што партнэры Злучаных Штатаў ня ведалі дакладных мэтаў апэрацыі.

Трамп паведаміў, што амэрыканская выведка два тыдні таму атрымала пацьверджаньне пра тое, дзе знаходзіцца лідэр «Ісламскай дзяржавы», і тады ж была распачатая падрыхтоўка да апэрацыі.

  • Агенцтва Reuters цытуе прадстаўніка ірацкіх спэцслужбаў, які сьцьвярджае, што інфармацыю пра тое, дзе хаваецца Багдадзі, здабылі спэцслужбы Іраку, дапытаўшы двух грамадзян гэтай краіны, якія ўваходзілі ў блізкі круг лідэра «Ісламскай дзяржавы».
  • Высокапастаўлены прадстаўнік Турэччыны паведаміў таму ж агенцтву, што Багдадзі прыбыў на месца, дзе, як мяркуецца, быў забіты або пакончыў з сабой, усяго за 48 гадзін да пачатку апэрацыі, і турэцкія вайскоўцы ведалі пра гэта, а амэрыканскія вайскоўцы каардынавалі свае дзеяньні зь імі.
  • Камандуючы жа атрадамі сырыйскіх курдаў напісаў у твітэры, што ЗША каардынавалі свае дзеяньні не з Турэччынай, а зь імі.
  • Пра тое, што мэтай апэрацыі быў Багдадзі і ён, магчыма, забіты, першым паведаміла выданне Newsweek.
  • Асаблівую цікавасьць камэнтатараў выклікае месца правядзеньня апэрацыі. Ідліб ніколі ня быў пад кантролем «Ісламскай дзяржавы». Цяпер тэрыторыю, дзе была праведзена апэрацыя, кантралююць сырыйскія джыхадзісты, якія ваююць супраць урадавых войскаў Башара Асада, але пры гэтым не зьяўляюцца саюзьнікамі «Ісламскай дзяржавы».

Пра гібель аль-Багдадзі, які абвясьціў сябе «халіфам» «Ісламскай дзяржавы» пасьля ўзяцьця гэтай арганізацыяй гораду Мосул у Іраку ў 2014 годзе, раней паведамлялася неаднаразова, аднак ніводнае з гэтых паведамленьняў не было пацьверджана. Пасьля таго, як «Ісламская дзяржава» страціла кантроль над тэрыторыямі ў Іраку і Сырыі, месцазнаходжаньне лідэра групоўкі не было вядома.

Апошняе відэа з Багдадзі, якое большасьць назіральнікаў ацэньвае як надзейнае, адносіцца да красавіка сёлета. У верасьні рэсурсы джыхадзістаў ў інтэрнэце апублікавалі аўдыёзапіс, на якім, як мяркуецца, гучыць голас аль-Багдадзі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG