Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад дапусьціў, што ля Курапатаў ня будуць будаваць выставачны цэнтар


У Курапатах, архіўнае фота
У Курапатах, архіўнае фота

На сайце Petitions.by апублікаваны афіцыйны адказ на зварот супраць будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтру на полі між мэмарыяльным комплексам Курапаты і выставачным цэнтрам «Экспабел».

У звароце падпісанты прасілі захаваць некранутым поле каля «дарогі сьмерці», па якой у 1930-я бальшавікі вазілі людзей на расстрэл у Курапаты. Будаўніцтва выставачнага цэнтру, адзначалася ў пэтыцыі, ня толькі парушыць гістарычны выгляд і ляндшафт народнага мэмарыялу, але і будзе «фактарам дадатковага антрапагеннага ціску на ўрочышча».

Намесьнік міністра архітэктуры Аляксей Ананіч у адказе на зварот падкрэсьліў, што канцэпцыю Нацыянальнага выставачнага цэнтру распрацавалі на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. У ёй, сьцьвярджае Ананіч, улічаныя ахоўныя патрабаваньні адносна Курапатаў, прызнаных уладамі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

«Неабходна адзначыць, што ў цяперашні час канчатковага рашэньня па вышэйпададзеных палажэньнях не прымалася», — адзначыў Ананіч.

Урад, дадае ён, разглядае магчымасьць разьмяшчэньня выставачнага цэнтру «на іншай тэрыторыі» і вядзе распрацоўку «альтэрнатыўнай архітэктурнай канцэпцыі».

У 2013 годзе Беларуская гандлёва-прамысловая палата і канцэрн «Белрэсурсы» выступілі з прапановай пабудаваць новы Міжнародны выставачны комплекс на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў. Маўляў, было прынята рашэньне аб зносе будынка на вуліцы Янкі Купалы, не хапала пляцовак для выставачнай дзейнасьці.

У 2014 годзе разглядаліся і іншыя пляцоўкі — у раёне Малінаўкі, на скрыжаваньні МКАД і Берасьцейскай шашы. Былі прапановы пабудаваць МВЦ і ў раёне былога аэрапорту «Менск-1», дзе будуецца вялікі комплекс «Менск-Сьвет». Аднак, як заявіў Аляксандар Лукашэнка, «у якасьці аптымальнай пляцоўкі» была вызначана менавіта тэрыторыя каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Экспабел».

Пытаньне выставачнага цэнтру — далёка не адзіны канфлікт абаронцаў Курапатаў з уладамі. На момант публікацыі больш за год працягваюцца штодзённыя пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем-поедим» побач з Курапатамі. Сёлета актывісты таксама пратэставалі супраць «крыжалому» — зносу «незаконных», на думку дзяржавы, крыжоў на тэрыторыі мэмарыялу. У 2017 годзе актывісты дамагліся спыненьня будаўніцтва офіснага цэнтру пад самым мэмарыялам. Больш за 15 гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Але трасу ўсё адно праклалі цераз урочышча.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG