Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытацкая адзінота, грыбны заклён, савецкая закатка. Падборка «100 словаў»


Ёган Гудмундсэн-Хольмгрын «Дзяўчынка чытае» (1900)
Ёган Гудмундсэн-Хольмгрын «Дзяўчынка чытае» (1900)

Санкт-Пецярбург

Прыехала на тыдзень у госьці. Упершыню пабывала тут у 17 гадоў. Таксама тыдзень.

Безумоўна, гэта горад-гісторыя, я б сказала, жывы горад-музэй. Архітэктура проста дзівіць! Што ні будынак — славутасьць, зьвязаная зь лёсам вядомых гістарычных асобаў, людзей мастацтва, літаратуры.

Мэтро. Адразу кінуўся ў вочы ўплыў часу. У першы мой прыезд многія пасажыры падчас паездкі чыталі кнігі, газэты. Цяпер амаль усе уткнуліся ў смартфоны.

Увайшла бабулька, абапіраючыся на кіёк. Села і адразу, дастаўшы смартфон, пачала тыкаць скручаным пальчыкам у экран. Прычым, усю дарогу!

Кнігу чытала толькі адна дзяўчына… Г. Маркеса «Сто гадоў адзіноты». Падумалася: сымбалічна…

Вікторыя Грыніна

***

Чарадзейства

Калi першы раз задалi вывучыць верш, я бубнiў яго без супынку дa ночы. Але калi тата вярнуўся з працы i папрасiў прачытаць верш, успомнiўся толькi адзiн радок. Я заплакаў.

Тата супакоiў:

— Ведаю чарадзейства! Перапiшы верш на паперку, пакладзi паперку пад падушку. Ранiцой прачнешся, а верш запомнiўся.

Я так зрабiў. Ды нейкi недавер да гэтага чарадзейства мяне турбаваў.

Але ж, на дзiва, ранiцой я прадэклямаваў верш паасобку тату, маме, бабулi i дзеду. I не забыў анiводнага радка.

Цяпер, я крыху зьмянiў гэтае чарадзейства: калi трэба нешта запомнiць, я запiсваю на паперцы… i кладу паперку у кiшэню.

Марат Баскiн

***

Фэя

У вучэбную цырульню прыйшла жанчына.

Узрост невядомы: ад сарака да бясконцасьці.

Такіх мы называем «піўныя фэі».

Пярэдніх зубоў няма, ацёклы твар, сінія вачніцы, худая, бедна апранута і пахне таннай парфумай.

— Я ў вашых студэнтаў стрыглася ўжо тройчы, і кожны раз мяне стрыглі мярзотна!»

Я напружыўся, падрыхтаваўся да складанага дыялёгу…

— Але! — кажа жанчына, уздымае галаву, чакае цішыні. — Я! Даю вам апошні шанец!

Я клічу майго студэнта В., прыгожага маладога хлопца. Той забірае яе на фрызуру.

Пасьля гадзіны жартаў, сьмеху і флірту, жанчына атрымлівае стрыжку як мінулым разам.

— Сёньня ўсе малайцы! — кажа фэя.

Сяргей Календа

***

Ціхае паляваньне

Андрэй, сын маіх добрых знаёмых, перакананы, што ў лесе жыве добры Лясны дух, які дапамагае грыбнікам і ягаднікам знаходзіць тое, па што яны прыходзяць туды. Яго бацька Стась нават хацеў адвезьці падлетка да псыхіятра, калі выпадкова пачуў, як сын, ідучы лясной сьцяжынкай, размаўляе з расьлінамі, птушкамі, мурашамі…

Я бараніла Андрэя, тлумачыла, што ён проста эмацыянальны рамантык. Я не прызналася, што, ходзячы па лесе, сама размаўляю з духамі сваіх продкаў. І як толькі папрашу дзядулю ці бабулю, тут жа зьявяцца, нават у самых неспрыяльных для іх месцах, або баравічкі, або махавічкі, або сямейка лісічак.

Ала Клемянок

***

Закаткі па-савецку

Штолета ў вёску прыяжджалі ўсе мае стрыечныя браты і сёстры разам зь іх бацькамі. Прыяжджалі рабіць закаткі на зіму.

На гэты тыдзень дзедава хата ператваралася ў адну вялікую кухню поўную цэбраў ды вёдраў з кіпенем. Вакол іх былі гурбы вішань, яблык, грушаў, ды абавязковы «кубінец» цукру.

Але для закатак патрэбны былі слоікі. А слоікі дастаць было складана. Тады ехалі ў вясковую краму і куплялі самы танны сок у трохлітровіках. Пакуль нашы бацькі ўвіхаліся з закаткамі, мы пілі сок, каб вызваліць слоікі пад кампот.

З таго часу не магу глядзець на бярозавік, ну і кой-бéды. Мае дзеці ўзімку п’юць хатнія кампоты…

Rajf

***

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org

«100 словаў» — літаратурны праект, у якім удзельнічаюць чытачы сайту Свабоды. Меркаваньні, выказаныя ў гэтай рубрыцы, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG