Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе быць уладальнікам менскага «Дынама»?


Менскі футбольны клюб «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе

Адзін з самых вядомых футбольных клюбаў краіны ня можа знайсьці ўласьніка. Свабода паспрабавала разабрацца, чаму.

8:1

16 жніўня 2018 году ў расейскім Санкт-Пецярбургу мясцовы «Зэніт» прымаў менскае «Дынама» ў межах кваліфікацыйнага турніру Лігі Эўропы. Першы матч у Менску расейскі клюб сэнсацыйна прайграў з разгромным лікам 0:4. Шанцаў адыграцца і прайсьці ў наступны раўнд было няшмат. Аднак у выніку расейцы яшчэ больш сэнсацыйна выйгралі ў «Дынама» (Менск) — 8:1.

Для беларускага клюбу гэтая гульня скончылася ня толькі ганьбай (у футбольным асяродзьдзі дагэтуль ходзяць чуткі, што матч быў загадзя дамоўленым), але і стратай уладальніка. Юры Чыж, якому «Дынама» належала 20 гадоў, больш ніколі не зьяўляўся на стадыёне і фактычна адмовіўся ад кіраваньня клюбам. Спачатку бізнэсовец зьбіраўся прадаць «Дынама», аднак у выніку рашэньня гаспадарчага суду пазбыўся яго без грашовай кампэнсацыі. Судзьдзя вырашыў, што Юры Чыж усе 20 гадоў валодаў «Дынама» незаконна. Клюб перадалі на балянс Менгарвыканкаму.

Гуцэрыеў і Пракапеня

23 кастрычніка на працягу аднаго дня «Дынама» (Менск) «зьмяніла» уладальніка ажно чатыры разы. Напачатку выданьне «Прэсбол» паведаміла, што клюб набывае вядомы прадпрымальнік Віктар Пракапеня.

Віктар Пракапеня, архіўнае фота
Віктар Пракапеня, архіўнае фота

Усяго празь некалькі гадзін пасьля гэтага TUT.BY удакладніў інфармацыю калег — клюбам «Дынама» (Менск) будуць валодаць адразу некалькі IT-кампаній, у тым ліку адна з кампаній Пракапені. Аднак ужо ў другой палове дня сайт dev.by, які спэцыялізуецца на інфармацыі аб разьвіцьці беларускай IT-сфэры, абверг паведамленьні «Прессбола» і TUT.BY. Завяршылася гісторыя навіной ад сайту naviny.by, які са спасылкай на ўласныя крыніцы ў бізнэс-колах інфармаваў — «Дынама» набудзе набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў. Пры гэтым ніякіх афіцыйных камэнтароў ні ад Віктара Пракапені, ні ад Міхаіла Гуцэрыева і зьвязаных зь імі кампаній пра гэта пакуль не было.

Чуткі пра тое, што адзін з самых вядомых футбольных клюбаў краіны набудуць Віктар Пракапеня альбо Міхаіл Гуцэрыеў зьяўляюцца не ўпершыню. Гаварыць пра гэта пачалі прыкладна год таму. Прыкладна тады ж у якасьці новага ўладальніка сталічнага футбольнага клюбу называлася карпарацыя Wargaiming, аднак пазьней пра яе гаварыць перасталі. Пракапеню, дарэчы, бачылі на стадыёне падчас матчу «Дынама» супраць «Віцебска», які сталічны клюб прайграў зь лікам 0:2. Бізнэсовец вытрымаў толькі адзін тайм.

10 мільёнаў даляраў за год

Гульцы менскага футбольнага клюбу «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе
Гульцы менскага футбольнага клюбу «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе

Бюджэты беларускіх футбольных клюбаў звычайна зьяўляюцца закрытай інфармацыяй, у СМІ трапляюць толькі іх прыкладныя памеры. Уладальнік берасьцейскага «Дынама» Аляксандар Зайцаў сёлета расказаў, што бюджэт ягонага клюбу складае 10 мільёнаў даляраў. Гэта вялікія лічбы для Беларусі. Гадавы бюджэт барысаўскага БАТЭ, напрыклад, ацэньваецца ў 3-4 мільёны даляраў за год; салігорскага «Шахтара», які фінансуе «Белкалій», — 4-5 мільёнаў даляраў.

Падчас абмеркаваньня магчымага набыцьця «Дынама» (Менск) новым уласьнікам у якасьці меркаваных штогадовых выдаткаў на клюб называецца лічба 10 мільёнаў даляраў. Яе паходжаньне назваць складана. Паводле прыблізных ацэнак, цяпер бюджэт «Дынама» меншы за 3 мільёны даляраў за год. Што, у сваю чаргу, ужо адбіваецца на выніках. Сталічны клюб упершыню за шмат гадоў можа скончыць сэзон па-за тройкай прызэраў.

Прычын, па якіх Менгарвыканкам можа хацець прадаць «Дынама», некалькі. Па-першае, сталічныя ўлады ўжо маюць свой футбольны клюб «Менск», які таксама гуляе ў Вышэйшай лізе (а яшчэ жаночую каманду «Менск», якая сёлета дайшла да 1/8 розыгрышу Лігі чэмпіёнаў). Другая — грошы на фінансаваньне. Трэцяя — правілы UEFA, якія забараняюць гуляць у адной лізе двум клюбам, якія належаць адной юрыдычнай асобе. Калі ў гэтым сэзоне «Дынама» (Менск) яшчэ змагло гуляць супраць ФК «Менск» (заяўка на ўдзел у спаборніцтвах падавалася, яшчэ калі ўласьнікам клюбу быў Юры Чыж), то з наступным сэзонам могуць быць праблемы.

Менскі футбольны клюб «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе
Менскі футбольны клюб «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе

Варта таксама дадаць, што зарабіць на футболе ў Беларусі вельмі складана. Пакуль такое ўдавалася толькі Анатолю Капскаму з БАТЭ, які цяпер фактычна забясьпечвае сябе самастойна праз пастаянны ўдзел у эўракубках (UEFA плаціць за гэта немалыя для беларускіх клюбаў грошы), а таксама праз продаж футбалістаў замежным клюбам. Аляксандар Зайцаў, які набыў берасьцейскае «Дынама», ужо некалькі гадоў толькі ўкладае ў клюб уласныя сродкі. Усе іншыя беларускія каманды ў рознай ступені (у асноўным цалкам) фінансуюцца за кошт дзяржбюджэту і не прыносяць прыбытку.

Што будзе, калі «Дынама» так ніхто і ня купіць

Такі варыянт таксама магчымы. Найбольш імавернае разьвіцьцё падзей — аб’яднаньне з ФК «Менск». Чуткі пра гэта хадзілі вясной 2019 году.

Аб’яднаньні двух футбольных клюбаў у адзін у Беларусі пэрыядычна здараюцца. Напрыклад, пасьля мінулага сэзону гэта зрабілі менскі ФК «Луч» і магілёўскі «Дняпро». У выніку ўтварылася каманда з афіцыйнай назвай «Дняпро-МЧЗ».

Гульц менскага «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе
Гульц менскага «Дынама» падчас чэмпіянату Беларусі-2019 у футболе

Якім можа быць аб’яднаньне «Дынама» (Менск) і ФК «Менск», сказаць складана, але ў такога рашэньня шмат крытыкаў. У першую чаргу таму, што ФК «Менск» спэцыялізуецца на падрыхтоўцы маладых футбалістаў і пасьпяхова спраўляецца са сваёй задачай. Яго выхаванцы штогод пераходзяць у больш багатыя клюбы Беларусі і замежжа. У выпадку аб’яднаньня са сталічным «Дынама» гэтая практыка можа зьнікнуць, таму што мэтай «Дынама» (Менск) заўсёды было чэмпіёнства і выступ у эўракубках, а рабіць гэта, абапіраючыся на 18-20-гадовых беларускіх футбалістаў, немагчыма.

Яшчэ адзін варыянт разьвіцьця падзей — расфармаваньне «Дынама» альбо перавод у ніжэйшыя лігі (у гэтым выпадку — у другую). Аднак такі варыянт амаль не разглядаецца спэцыялістамі як рэальны. Усё ж такі ФК «Дынама» (Менск) — пазнавальны беларускі спартовы брэнд, за лёсам якога сочыць у тым ліку кіраўнік краіны. Таму можна не сумнявацца, што ў наступным сэзоне клюб зноў паспрабуе змагацца за чэмпіёнства. Пытаньне толькі — чыім коштам?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG