Аляксандар Лукашэнка 23 кастрычніка падпісаў указ № 394 «Аб даваньні і прыцягненьні пазык», які ўносіць зьмены ў заканадаўства ў сфэры ажыцьцяўленьня мікрафінансавай дзейнасьці, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
У прыватнасьці, указам:
- Абмежаваныя памеры працэнтаў (ня больш за двухразовы памер выдадзенай мікрапазыкі), няўстойкі, штрафаў і пеняў (ня больш за палову памеру мікрапазыкі), якія мікрафінансавыя арганізацыі выстаўляюць сваім кліентам. Раней такога абмежаваньня не было, што часам прыводзіла да сытуацый, калі працэнты шматкроць перавышалі суму пазыкі.
- некамэрцыйным арганізацыям, створаным у форме фондаў, забаранілі выбаваць мікрапазыкі, паколькі, як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы, «часьцяком падобнага кшталту арганізацыі давалі ўльтракароткія пазыкі без закладу па стаўцы, якая перавышае 530% гадавых».
- Пашырылі сьпіс тых, хто можа стаць чальцом спажывецкага каапэратыву фінансавай узаемадапамогі: цяпер імі змогуць стаць фізычныя асобы, якія займаюцца вытворчасьцю сельгаспрадукцыі, відамі дзейнасьці, пры якіх плоцяць адзіны падатак, а таксама суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
- Ламбарды атрымаюць права даваць мікрапазыкі грамадзянам пад заклад транспарту без абавязку перадачы яго ламбарду. Таксама ламбарды змогуць весьці гандаль камісійнымі таварамі, захоўваць рэчы і набываць іх для рэалізацыі.
- Юрыдычныя асобы, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву, зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасьці, 50 і больш працэнтаў долі якіх належыць дзяржаве, змогуць атрымаць мікрапазыкі пад заклад рухомай маёмасьці. Такую ж магчымасьць атрымаюць юрыдычныя асобы, якiя займаюцца скупкай каштоўных мэталаў і камянёў для папаўненьня дзяржфонду.
- Замацаваныя правы тых, хто бярэ мікрапазыку: ім абавязаныя даваць поўную і дакладную інфармацыю пра ўмовы дамовы, а таксама правільна разьлічыць працэнты.
- Вызначаныя патрабаваньні да рэклямы пазык і да інфармацыі, якая разьмяшчаецца на сайтах мікрафінансавых арганізацый.