Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 15-ю гадавіну забойства журналісткі Чаркасавай сябры і калегі наведалі яе магілу


Ілюстрацыйнае фота

Сёлета 20 кастрычніка споўнілася 15 гадоў, як была забітая беларуская журналістка Вераніка Чаркасава. Забойца так і не быў знойдзены, а сьледзтва па факце забойства прыпынена. У гадавіну сьмерці Веранікі сябры і калегі наведалі яе магілу, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць», зь якой супрацоўнічала Вераніка, Аляксандр Старыкевіч заўважыў, што публікацыі Чаркасавай нават праз столькі гадоў актуальныя.

Сябры і калегі згадалі Вераніку, прынесьлі кветкі да яе магілы. Прагучалі словы, што моц чалавека ў памяці, якую ён пакідае пасьля сябе, і ў салідарнасьці, еднасьці яго блізкіх.

Вераніка пахаваная побач з бацькам, журналістам Анатолем Чаркасавым, і айчымам Уладзімерам Мялешкам.

Журналістку недзяржаўнай газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву знайшлі забітай 20 кастрычніка 2004 года ў яе кватэры ў Менску.

Ніякія матэрыяльныя каштоўнасьці з кватэры ня зьніклі — знайшліся, аднак, сьляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай вэрсіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытваліся крымінальным вышукам у сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай — сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка, якія знайшлі цела. Пазьней падазрэньні зь іх былі зьнятыя.

Між тым, у выніку журналісцкага расьсьледаваньня, праведзенага калегамі Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі зьдзейсьніў прафэсійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць зьбіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмываньні грошай для продажу зброі Іраку. Гэтую ж вэрсію разглядае ў сваім фільме і кінадакумэнталіст Леанід Міндлін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG