Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэра Літоўская, або Старыя фатаграфіі з (нудысцкага) пляжу


Пляж у Паланзе. Старое фота, калекцыя Андрэя Антонава зь Вільні
Пляж у Паланзе. Старое фота, калекцыя Андрэя Антонава зь Вільні

Сёньня апошні дзень выставы старой аматарскай фатаграфіі, якую ў Менск прывёз вілянчук Андрэй Антонаў.

Андрэй Антонаў нарадзіўся ў Дыліжане, гадаваўся ў Магілёве, вучыўся ў Маскве і Вільні, а гэтай восеньню прывёз у менскі Музэй Азгура выставу аматарскага фота «Аксамітны сэзон». Сам фатограф (а таксама паэт, этнограф-аматар і перакладчык для віленскай паліцыі), ён прэзэнтуе калекцыю пляжных фатаздымкаў 1930-х-1980-х гадоў.

Героі выставы ўсьміхаюцца ў фатакамэры сярод дзюнаў Балтыкі, зь берагоў Чорнага мора або гарадзкіх пляжаў, і некаторыя дэкарацыі захаваліся. Зьмяніліся мода, манера пазаваць, эстэтыка цела, а галоўнае — стаўленьне да ўласных партрэтаў. Андрэй Антонаў мяркуе, што даўней фатаграфіі былі «люстэркам з памяцьцю, а не знаёмым нам сёньня дзейным сродкам фармаваньня ўласнага вобразу». Цяпер пануюць самапрэзэнтацыя ў сацсетках і руплівасьць у стварэньні іміджу, але ад колішняй эўфарыі ды ўпэўненасьці ў сабе няма і знаку.

Беднасьці ўбораў на старых фота пасуюць разьняволенасьць і шчасьлівыя твары. Ніхто не пераймаецца з прычыны паркалёвага купальніка або сьмешных шкарпэтак. Пляжніцы пад сонечнымі парасонамі какетнічаюць з фатографам — і ты ўсьведамляеш, што пра цэлюліт яны нічога ня чулі (якая палёгка).

Я распытала калекцыянэра Андрэя Антонава пра фатаграфіі, якія ён прэзэнтуе на выставе, а таксама пра ягоную ролю ў «Аксамітным сэзоне»: ён тут куратар, калекцыянэр, дасьледнік?

«Я шукратар-дасьледнік [шукратар, тэрмін зь перакладу „Піпі Доўгайпанчохі“ Дзьмітрыя Плакса: той, хто шукае і знаходзіць]. Аўтары ананімныя, матэрыял я знаходзіў у букіністаў, антыквараў. Сам я ў сьметніцы не ныраю, але большасьць з таго, што трапляе на віленскія барахолкі, гэта пакінутае людзьмі каля кантэйнэраў. А хтосьці і нырае ў сьмецьце адмыслова — ёсьць такія высокакваліфікаваныя спэцыялісты, што адтуль фота дастаюць.

Я заўсёды быў вельмі пазытыўны да гэтай тэмы — лета, цела, аголенасьці, кантакту чалавека з прыродай. Калекцыя зьбіралася шмат гадоў, ёсьць літоўскія матэрыялы і польскія — людзей, якія выехалі зь Віленшчыны на Захад і дасылалі картачкі родным. Тут і фатографы-рамесьнікі, і зь іх фота прыемна працаваць, бо яны лёгка датуюцца, — пад віньеткай рамесьніка звычайна стаіць і год.

Самі здымкі арыгінальнага фармату, я нічога не павялічваў, не рэканструяваў, вось як яны былі задуманыя і зробленыя — так і працягваюць жыць.


Тут пляжы, але на савецкіх фота мала воднага спорту, бо калі гэта і фатаграфавалі — то прафэсіяналы. А аматарскага дурамарства, калі ты проста радуесься жыцьцю і гэта фіксуеш, амаль няма.

Ёсьць на выставе Вэнэра Мілёская, нават рукі схаваныя. Ці сьвядома дзяўчына прыняла такую позу? Мяркую, мы вельмі часта малпуем тое, што бачым, — жэстыкуляцыю, позы. І калі даўней пераймалі клясычныя ўзоры, то цяпер ёсьць зоркі „інсты“, і там усё складаней.

На адвароце фота часам напісана, каму і калі яны падораныя. На адным здымку цікавая глёса, даволі аўтаіранічная — гераіня піша, што яна выглядае, як штангіст.

Ёсьць і сюжэт „хмурны падлетак“, клясыка. Ён ня хоча фатаграфавацца, і ўсё гэта яму зусім не цікава, але бацькі прымусілі.

Хлопцы чамусьці часьцей фатаграфуюцца ўтрох, але мужчынаў і хлопцаў увогуле менш, бо фотаіндустрыя традыцыйна круціцца вакол жанчын. Мужчыны на здымках часта з атрыбутамі маскуліннасьці, гэта цыгарэта і бутэлька.


На старых фатаграфіях бачым зусім іншыя чалавечыя целы. Сёньняшнія хлопцы раскачаныя ў трэнажорных залях, цягліцы на грудзях выразныя — а тут сухія целы, гарманічныя, бо была проста фізычная актыўнасьць. Вось у Літве будучыня трохі наступіла, паўсюль трэнажорныя залі. А ў Магілёве дагэтуль усё плюс-мінус лямпавае — людзі гуляюць у футбол на стадыёнах, катаюцца на каньках на адкрытым катку.

На выставе ёсьць і гарадзкія пляжы Вільні, адразу пазнаеш месцы. Адна з адметнасьцяў супэрглябалізацыі — пусьцеюць гарадзкія пляжы, шкада.

Зусім рэдкая рэч, якой на фота амаль не пабачыш, гэта хатняя жывёліна, вось тут сабачка. Іх мала, бо сабаку трэба было карміць, а ягоная кампаньёнская функцыя была не актуальная, бо людзі жылі шчыльна, рэдка хто жыў сам у кватэры.

Пры канцы экспазыцыі незвычайны здымак — калі зрабіць павелічэньне ўласным тэлефонам, як лупай, пабачыш, што ён зьняты на жаночым нудысцкім пляжы. Гэта 1960-я гады, пляж у Паланзе. У савецкі час на гэтым жаночым пляжы ішоў нелегальны гандаль — нейкімі польскімі жуйкамі, цукеркамі. І дзеці прасілі сваіх мамаў схадзіць туды купіць нешта. Гледачы ўспамінаюць такое зь цеплынёй».

Выстава «Аксамітны сэзон» працуе да пятніцы 18 кастрычніка. У пятніцу адбудзецца паказ слайдаў і творчая сустрэча з Андрэем Антонавым і куратарам выставы Уладзімерам Парфянком. Пляжная настальгія пры канцы бабінага лета — не прапусьціце: 18 кастрычніка, 18.00. Вул. Азгура, 8.

Запісала Аляксандра Макавік

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG